Шрифт:
Чалавек зарагатаў яшчэ больш радасна і нязмушана, абняў, наколькі хапала рук, неабсяжны катаў жывот, прыхінуўся да яго шчакою і з вялікаю асалодаю ўваткнуў шпільку — скура была тоўстая, шпілька не лезла, але ён доўга і настойліва круціў яе, пакуль, нарэшце, не прапароў дзірачку.
Калі, выходзячы вонкі, зашыпела паветра, пакараны яшчэ мацней прыхінуўся вухам да жывата і, услухоўваючыся ў гэтае злоснае шыпенне, сам ціскаў ката, камячыў яму бакі, каб хутчэй яго спустошыць.
Калі абмякла і нежыццёва павісла рука ката, калі, балюча выцяўшы напаследак гайкаю, з яе выпаў бізун, які толькі што быў такі грозны і няўмольны, ён адштурхнуўся ад ката, што пачаў ужо асядаць, не спяшаючыся адышоўся ад яго і з нейкаю вялікаю злацешнасцю да крыўдзіцеля і гордаю павагаю да сябе стаяў і слухаў, як усё болей і болей шыпіць, нават свішча паветра — яно само пашырала дзірачку і ўжо вырывалася адтуль з неўтаймаванаю сілаю.
Калі монстр зусім зморшчыўся, а потым пачаў завальвацца на бок — дзе той і жывот падзеўся! — чалавек падышоў да яго, піхнуў нагою ў апалую гуму і ўзрадавана сказаў:
— Дык ён жа проста гумовы!
Людзі, якія стаялі побач і здзіўлена назіралі за тым, што тут робіцца, таксама паўтарылі за чалавекам:
— Дык ён жа ўсяго толькі гумовы! І пайшлі ўслед за ім.
Ён і сам пакуль што не ведаў, куды ідзе. І яны таксама не ведалі, куды іх вядуць. Але ішлі.
Утаймаванне ліфта
У высотным доме-хмарачосе нечакана для ўсіх жыхароў звар'яцеў раптам ліфт.
То ён знарок праскочыць патрэбны паверх, а пасля сам расчыніць дзверы на чужым і як не сілаю выштурхне чалавека не на сваю пляцоўку, а сам, парожні, з безразважным рогатам возьмецца катацца сюды-туды паміж паверхамі.
То ўпусціць чалавека, які спяшаецца пасля працы дадому, і возіць яго, не адчыняючы дзвярэй, аж пакуль той, пазлаваўшыся-пазлаваўшыся, пагрукаўшы кулакамі па чым толькі можна, не стоміцца і, змірыўшыся, бездапаможна не асядзе на падлогу.
То з зачыненымі дзвярамі зацята, як учадзелы, нідзе не спыняючыся, не прыстойваючы, носіцца ўверх-уніз — аж звініць жалеза, аж калоціцца лесвічная пляцоўка: як усё роўна яго пакрыўдзіў хтосьці.
Спрабавалі яго ўтаймаваць самі жыхары — нічога не атрымалася. Паклікалі ліфцёршу. Прыйшла маладая прыгожая дзяўчына, але што яна ні рабіла, ліфт не слухаўся і яе. Праўда, урэшце ён усё ж адкрыўся, а калі ліфцёрша мела неасцярожнасць зайсці ў яго адна, хуценька зачыніў дзверы і не выпускаў дзяўчыну аж цэлага паўдня. Рагатаў ён, вельмі дзіўна смяялася і дзяўчына — як усё роўна хтосьці казытаў яе…
Затым яна пачала плакаць. Мужчыны, спрабуючы вызваліць ліфцёршу, недарэчна бегалі па паверхах, націскалі на розныя кнопкі, але ліфт выпусціў яе толькі тады, калі сам захацеў. Спыніўся на адным з паверхаў, шырока расчыніў дзверы і выпіхнуў дзяўчыну на пляцоўку:
— Наце вам! Бярыце! — нібы выдыхнуў ён. Жанчыны, якія адразу ж сабраліся ля ліфцёршы, пачалі распытваць яе:
— Што, ён здзекваўся з вас?
— Ой, здзекваўся! — праз слёзы адказала ліфцёрша. — Ой, здзекваўся…
Жыхары, усе разам, думалі, меркавалі, як утаймаваць ліфт. Нехта падказаў, што трэба, мусіць, паклікаць міліцыю. У запале гэтай дзіўнай, непрадбачанай барацьбы ніхто не змог цвяроза разабрацца ці хоць бы ўсумніцца: пачакайце, а што ж тут зробіць міліцыя?
Вырашылі паклікаць — і паклікалі. Прыехала міліцыя — з дубінкамі, пісталетамі, рацыямі — пахадзіла па паверхах, аблаяла дурняў ды так ні з чым і паехала: ліфт жа не чалавек — яго не арыштуеш і на пятнаццаць сутак не пасадзіш.
Тады людзі ўспомнілі пра дактароў. Пазванілі ў псіхіятрычную бальніцу:
— Прыязджайце хутчэй! У нас тут адзін звар'яцеў. А хто звар'яцеў — не сказалі. Прыехалі. Цэлая брыгада
ў пад'езд увалілася. З утаймавальнаю сарочкаю, з вяроўкамі, з насілкамі.
— Дзе хворы? — пытаюцца.
А ўсе — хто пальцамі, хто галавою — на ліфт паказваюць.
— Во ён.
— Дзе, дзе? — нічога не разумеюць дактары. — У ліфце?
— Не, не ў ліфце, — адмоўна трасуць галовамі жыхары. — Сам ліфт!
Тут ужо і дактары разгубіліся. Яны думалі, што толькі адзін хворы, а тут, высвятляецца, цэлы пад'езд звар'яцеў. Плюнулі яны на ўсё, санітары скруцілі зноў насілкі ды і паехалі адсюль — усе ж хворыя ў адну машыну не ўлезуць, да таго ж і ўтаймавальная сарочка ў іх толькі адна…
А жыхары дома зноў засталіся сам-насам са сваёю бядою.
Ліфт, нібы разумеючы, што сюды прыехалі санітары з псіхбальніцы і таму трэба паводзіць сябе асцярожна, замоўк, затаіўся, сцішыўся, а калі тыя паехалі, зноў разышоўся: ездзіць і рагоча, ездзіць і рагоча…
Цяпер ужо ліфт хапаў чамусьці толькі адных жанчын, асабліва маладых дзяўчат. А мужчын і блізка не падпускаў да сябе. Калі ж хто з іх і прарываўся, калі і паспяваў падставіць між дзвярамі нагу ці прасунуць руку, ліфт з такою сілаю сціскаў створкі, што мужчына ледзь вырываўся сам.