Private-Bookers
Падары нам дрэва
вернуться

Сипаков Иван Данилович

Шрифт:

— Ваду мы пачынаем рабіць, а вось з зелянінаю пакуль што нічога не атрымліваецца. Бачыш, якая ў нас шэрая зямля? І як ёй не стае такіх, як у вас, дрэў і травы!

— І птушак таксама, — дадаў ён.

— Не, птушкі нам пакуль што лішнія, — запярэчыла яна. — Разумееш, птушкам, каб жыць, трэба неба з воблакамі, зялёныя дрэвы і чыстая зямля. Ні аднаго, ні другога, ні трэцяга даць мы ім сёння не зможам: няма! Да таго ж паветра… Ведаеш, яго нам самім не хапае. Не выжывем, калі будзем яшчэ дзяліцца ім з птушкамі…

Радзім, уявіўшы, як птушкі, цэлыя чароды птушак, адбіраюць у яго паветра, пачаў напраўду задыхацца — нібыта іх і на самой справе шмат наляцела, набілася пад шкло. Оя не заўважыла гэтага — яна якраз задумліва глядзела некуды ўдалячынь, — а потым, усміхнуўшыся, сказала, як спыталася:

— Ты, мусіць, дзівішся, што ў нас такія кароценькія, аднаскладовыя, двухскладовыя імёны? Чаму, як ты думаеш? А ўсё тое ж паветра віною. Мы прыдумалі такую эканомію, калі нам было вельмі цяжка, — каб лепш расходаваць паветра, калі гаворым.

— Нічога сабе эканомія! Тут вы эканоміце, а коней пад шклом вунь які статак трымаеце. Колькі яны з'ядаюць вашага паветра, не лічылі?

— Коней ты не чапай. Коні ў нас таксама святыя. Як у Індыі каровы.

— Святыя? А чаго ж яны тады цягаюць аўтобусы і тралейбусы, калёсы і аўтамабілі?

— Мы такім чынам спалучаем два пачаткі — духоўны і матэрыяльны. Коні ў нас святыя, але яны не дарэмна ядуць наша паветра, — яны жывуць нашымі клопатамі.

Оя памаўчала. А потым, мусіць, адважылася на тое, галоўнае, дзеля чаго яна і пачала гэтую размову:

— Слухай, падары нам дрэва! Такое, як у вас! Зялёнае-зялёнае… З пошумам лісця…

Ён нічога не адказаў. А што ён мог адказаць? Як ён мог падараваць дрэва такой зняможанай зямлі?

Оя зразумела гэта і адразу ж перавяла размову на іншае:

— Радзім, ты ўжо вельмі добра размаўляеш на сваёй роднай мове. Віншую! Наступны раз мы возьмемся за нашу. Ведаеш, я шчыра хачу, каб ты хутчэй змог пагаварыць з Жывам. Ён кажа, што ты яму дужа спадабаўся.

І праўда, цяпер Радзім не адчуваў ніякай насцярожанасці, падазронасці з боку наглядчыка. Рубінавыя Ружы ляжалі амаль заўсёды на стале — зняволены нават ўночы спаў без іх, вольна раскінуўшы рукі.

А аднойчы пасля заняткаў Оя, папярэдне пагаварыўшы з дзедам Жывам, — ласкава зазіраючы яму ў вочы, далікатна гладзячы яго па плячы, — узяла за руку Радзіма, і яны прашмыгнулі каля вартоўні і вартаўніка, які зрабіў выгляд, што нічога не бачыць, — нават адвярнуўся ў другі бок.

Па дарозе, хоць ён і дапытваўся, куды яны ідуць, Оя нічога не тлумачыла.

— Сам убачыш, — адно ўсміхалася зэмка.

На волі, між незнаёмых людзей яму ўжо было крыху ніякавата — пасля турмы вуліцы здаваліся цеснымі, шумлівымі, люднымі, і ён толькі асцерагаўся, каб крый бог не таўхануць, не зачапіць каго. Не хацелася, каб нехта глядзеў, разглядаў і яго самога. Але людзі былі занятыя сваімі клопатамі, да таго ж і ён нічым не вылучаўся між імі,— калісьці Оя прынесла ў турму яшчэ адны штаны (трыко ў абліпку) і нейкі світэр — традыцыйнае адзенне зэмаў,— і ў гэтым адзенні ён ужо быў, як свой, а таму ніхто не звяртаў на іх з Ояю ніякай увагі.

Яны ішлі хутка — Оя вельмі спяшалася, мусіць, баялася, каб іх не перанялі і не вярнулі раней часу ў турму, — і ён не паспяваў разгледзець тое, што бачыў вакол сябе. Адно ён зразумеў, што ўсё ў гэтым горадзе ды, пэўна, і ва ўсёй краіне — шкляное. Са шкла былі хаты і крамы, агароджы і тратуары. Многія шкляныя пліты былі трэснутыя, і ступаць на іх было боязна, як на тонкі, нямоцны яшчэ лёд. Таму ён стараўся ісці не па тратуары, а побач з ім, па звычайнай шэрай зямлі.

Шкляныя былі аўтобусы і трамваі, і толькі коні, што, фыркаючы, цягалі іх, былі сапраўдныя, зямныя.

Дзяўчына прывяла яго на нейкі пагорак, на якім ужо было шмат людзей. Усе яны, нібы ў храме, стаялі на каленях і глядзелі ў адзін бок — як маліліся ўсё роўна. Там, куды глядзелі зэмы, Радзім нікога і нічога не ўбачыў: позірк натыкаўся на шкляную сцяну, за якой недзе ўдалечыні відаць былі цёмныя, непрыветлівыя, суровыя горы, якія чамусьці не хацелася бачыць — такія голыя і жудасныя былі яны.

Оя, прайшоўшы каля ўкленчаных, і сама стала на калені. Каля яе апусціўся на зямлю і ён. Зірнуўшы ўніз, куды глядзела дзяўчына, Радзім убачыў ваду.

— Гэта наша мора, — шапнула яна. — Пакланіся яму.

Мора, якому ўсе пакланяюцца, на самай справе было невялікаю лужынаю, налітаю да самай шкляной сцяны, якая, нібы кавалак празрыстага лёду, адразала ваду. За шклом ужо нічога не было, і ён, успомніўшы, як стаяў з таго боку, пашкадаваў, што не меў тады часу, а так бы з-за сцяны можна было добра разгледзець, нібы ў марскім акварыуме, усё возера ў разрэзе — ад паверхні да самага дна.

Каля вады стаялі дрэвы. Зялёныя-зялёныя. Убачыўшы іх, Радзім здзівіўся: Оя просіць: «Падары нам дрэва», а дрэвы ж у іх ужо растуць. Але потым, прыгледзеўшыся, зразумеў, што дрэвы гэтыя, як і ўсё ў Зэміі, шкляныя — вунь як звініць на іх зялёнае шкляное лісце!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка