Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Зборнік вершаў М. Рудкоўскага пранізаны жаданнем адчыніць чытачам дзверы ў скарбніцу роднага краю, адкрыць вочы на хараство яго самавітай прыроды, багацце народных характараў, уваскрасіць героіку мінуўшчыны, выявіць усе ніці, што злучаюць запаветны астравок паэтавай зямлі з вялікай Радзімай, з усёй планетай.
I трэба сказаць, што задача злучаць блізкае і далёкае ў часе і прасторы не толькі пастаўлена, але шмат дзе паспяхова рашаецца, ды яшчэ на сучасным эстэтычным узроўні.
Пра тое, як нёс Міхась Рудкоўскі ар'ергардную службу ў паэтычным паходзе равеснікаў, можа засведчыць «Начны эскіз» — адзін з лепшых у сучаснай беларускай паэзіі вершаў пра партызан, убачаных вачамі дзіцяці. Твор гэты аўтабіяграфічны, яго эстэтычная сіла засяроджана ў падтэксце, схаваным пад дакладна выяўленыя падзеі, бытавыя падрабязнасці і эмацыянальна-псіхалагічныя рухі дзіцяці. Дзіця задае партызанам, якія, як заўсёды, вяртаючыся з задання, завіталі ў бацькаву хату падсілкавацца, такое пытанне, адказаць на якое звыш чалавечых сіл:
А дзядзька дзе? А дзядзьку дзе вы дзелі? — (О горкая дзіцячая наіўнасць! Прашу вас, калі можаце, прабачце...) Маўчалі, вочы апусціўшы, вы. З парога ўжо, вінтоўку ўзяўшы ў рукі, Сказаў хтось: Спі, сынок... Ён заўтра прыйдзе... А на стале, на ільняным абрусе, Стаяў самотна кубак... (8)Лепшыя вершы зборніка «Каменні цытадэлі», «Мой дзед быў сельскім кавалём», «Паядынак аленяў», «Балада пра аднагодкаў» і іншыя вызначаюцца навізною думкі, суадпаведнасцю зместу і формы, уласцівых сталаму мастацтву. Вобразы, створаныя паэтам, кранаюць чытача, бо нарадзіліся яны з унутранай чалавечай патрэбы ачышчаць душу ў разважаннях з самім сабою — бапькам сваіх дзяцсй, патрыётам, камуністам. Гэтыя роздумы ўголас гучаць як споведзь пакалення людзей, якія пераймаюць і бяруць на свае плечы вялікі цяжар адказнасці за будучыню Радзімы і свету.
Зразумела, шырыня паэтычнай ідэі запатрабавала і багатай вобразнасці для яе ўвасаблення. У зборніку мы сустракаем розныя віды верша: ад традыцыйных ямба і харэя да верлібра, свабоднага і белага вершаў, ад балады да ўнутранага лірычнага маналога і адкрыта публіцыстычнага выслоўя. Паэт карыстаецца зломамі рытму, асанансамі, але робіць гэта заўсёды з асцярогай, добраю мерай. Бадай-што ва ўсіх выпадках выбар таго ці іншага прыёму падказваецца і тлумачыцца задумай, зместам, ідэйна-тэматычнай накіраванасцю твора.
У М. Рудкоўскага, як і належыць у час даспявання, складваецца свой круг улюбёных вобразаў, свае прыёмы, якія ўтвараюць яго індывідуальны стыль і манеру пісьма. Калі спрабаваць вызначыць гэты аўтарскі стыль адным словам, дык я ўжыў бы слова «рамантычнасць». Рамантычна-задуменнае, рамантычна-ўзнятае, згушчанае да сімвалічных вузлоў бачанне навакольнага свету — істотная рыса паэзіі М. Рудкоўскага. Вершам яго ўласціва асаблівая натхнёнасць, цяга да вышыні, да ідэалу.
У «Каменнях цытадэлі» фармальна паэт выкары-стаў стары, як само рамантычнае мастацтва, прыём надзялення чалавечаю мовай нежывых прадметаў. Гэтым прыёмам, настаўнікі ведаюць, карыстаюцца звычайна ў сваіх сачыненнях вучні. Зразумела, што ісці такім шляхам прафесійнаму паэту рызыкоўна, па сутнасці гэта азначае знарок настроіць сябе на сутыкненне з банальнасцю. Рудкоўскі не збаяўся гэтага.
У яго каменні цытадэлі — не проста рамантычны сімвал памяці, яны набылі не толькі дар мовы, а дар гуманістычнай ацэнкі і сталі пасрэднікамі паміж пака-леннямі. У маналогу, звернутым да чытача, каменні апраўдваюцца і скардзяцца: лёс прымусіў іх сузіраць такія падзеі, ад якіх яны «за адну расстраляную ноч назаўсёды ссівелі», яны спрабавалі несці гуманістычную службу ў той пякельны час: «мы сабой засланялі жанчын і дзяцей», і цяпер найболыпая пакута для іх — маўчанне:
да крыку нам трудна маўчаць: мы болем жывым перапоўнены, перапоўнены словамі гневу, што засмяглыя губы шапталі... (31)Трэба быць не абы-якім рамантычным паэтам, каб, ажывіўшы руіны, так востра адчуць цяжар іх абавязку — сведчання. Сапраўды, калі б да сведак такіх падзей панізілася цікавасць нашчадкаў, гэта азначала б прадвяшчэнне яшчэ болыпай трагедыі, чым тая, пра якую сведчаць яны. Маналог каменняў завяршае павучальны зварот да сучаснікаў:
Не кляніцеся гучна, а ў душы зірніце свае! Не зайздросце героям, іх славе: толькі раз чалавеку Айчына дае на бяссмерце свяшчэннае права. (31)Не скрозь і не ўоё так удаецца паэту, як гэты спушчаны амаль да прозы маналог. Ці не юначы яшчэ максімалізм прыводзіць да характэрных хібаў,— я маю на ўвазе знарокавую інтэлектуалізацыю мовы. Сустракаецца і прамалінейна аголеная тэндэнцыйнасць у публіцыстычных вершах і лішняя камернасць матываў у інтымных. Аднак М. Рудкоўскі мае ўроджаную патрэбу няспыннага духоўнага абнаўлення, росту. Гэтая думка становіцца перакананнем, калі параўноўваеш з папярэднімі трэці зборнік яго паэзіі — «Позвы».