Private-Bookers
Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Поле нясцерпна стогне… Цемра… Цішыня.

__________

Перад канём Рогача стаяць двое палонных. За іхнімі спінамі — стаптаныя палі. Далей — едкі дым ад дагараючай хаты.

Адзін з палонных — стары жабрак. Другі — Антон Шыбень, той самы, якога мы бачылі з братам каля вымершай з голаду вёскі.

— Хацелі разлажыць салдат, — кажа П'янда.

– Іх няма чаго разлагаць, — кажа Антон. — Усім, акрамя наймітаў, астабрыдла забойства… Смурод ад пустых вёсак.

— А што? — кажа П'янда. — Па-мойму, нядрэнна пахне.

— Бы ў пекле, — кажа стары. — А мы — людзі. Нас стваралі для шчасця і доблесці.

— Ды хто ж вам дазволіць быць шчаслівымі? — кажа П'янда. — Гэткага не бывала.

Рогач апускае вочы.

– І ты, Рагінскі, - кажа стары. — Ідзеш па зямлі, топчаш. Падобны на звар'яцелага.

І тут Рогач ускіпеў:

— Дабро? Што такое дабро? Дзе вы яго бачылі на гэтай зямлі?

Ён саскочыў з каня, выцягнуў мех. Стары і Антон глядзяць яму ў вочы.

Рогач падыходзіць да іх, у ярасці, быццам удараючы мячом знізу, разразае вяроўкі.

— Няма дабра!!! Няма!!!

__________

Звонавы роў такі, што калоцяцца званіцы. На вуліцах натоўп: лахманы ўперамежку з парчою. І зараз гэты натоўп натхнёны адным:

— Пераможцу слава! Слава! Слава!!! Сла-ва-а-а!!!

Раты равуць. Вузкім калідорам сярод гарланячых натоўпаў едзе на чале войска Рогач. Ён суровы. Але за ім усмешлівая морда П'янды, а далей выскаленыя твары салдат. Усе яны ў золаце, аксаміце, каменнях.

— Ро-гач! П'ян-да! Рогач! П'ян-да! — скандзіруе натоўп.

Прарываецца роў, воплескі. Шалёны псіхоз энтузіязму. Людзі вісяць на ліхтарах і дахах… Пад ногі коней кідаюць варожыя сцягі.

Вулічны гандляр гандлюе бюстамі Рогача, П'янды і гаспадара Івана.

А вось бюсты! А вось бюсты! Кожны чалавек, які паважае сябе, павінен купіць бюсты! Кожны добранамерны чалавек павінен купіць бюсты!

Бюсты раскупаюць, як піражкі.

Кавалькада едзе пад дажджом з кветак.

— Рогач! П'ян-да! Ро-гач! П'ян-да! І-ван! Ро-гач! П'ян-да!

Харугвы. Пашчы. У вокнах, у дзвярах, на тумбах з'яўляюцца бюсты. Нехта выстаўляе бюст на балкон. Бюст з'яўляецца на вільчаку даху.

Усялякія бюсты: маленечкія… сярэднія… вялікія… велізарныя… Натоўп з бюстамі бяжыць за трыумфатарамі.

Усміхаецца бюст неверагодна мужнага Рогача… Святасцю дыхаюць гіпсавыя рысы П'янды… Мармуровы Іван з адухоўленай усмешкай…

Роў натоўпу. Мільёны бюстаў.

На алеі, што вядзе да палаца, — кілім кветак. Па абодва бакі яе — статуі трыумфатараў, каралевы, Гальшкі, Аглаі. Рогач праязджае пад імі, і статуі падаюць адна адной рукі над яго галавою.

Статуі робяць першыя па ўрачыстага менуэта.

Раве натоўп… Статуі танцуюць менуэт.

Над горадам велічна гайдаецца бюст Рогача, прывязаны вяроўкаю да сонца.

__________

Бюст Рогача, што стаіць у апачывальні. У апачвальні — каралева і Рогач. Прысмерак. Яны сядзяць каля агню.

— Ты задаволены сваім трыумфам, магнат Рагінскі?

Рогач пахмуры. Ён кранае шлем з барвянымі пер'ямі, што стаіць на стале поруч з ім.

— Няма дабра, — кажа ён.

— Ёсць. Яно ў подзвігах, у віне, у каханні мужчын і жанчын.

Яна датыкаецца да пасмачкі яго валасоў.

— Ты добра ваяваў. Дзіўна, вочы ў цябе ўсё адно чыстыя. Ледзь пацямнелі. Гэта пасля столькіх забойстваў. А гаспадар Іван вярнуўся зусім быком.

Наблізіла вочы да яго вачэй.

— Я хачу ўзнагародзіць цябе.

Рогач затрапятаў. Ён баіцца паглядзець ёй у вочы ад прадчування.

— Ты даведаешся аб узнагародзе праз тры дні на сусветным саборы князёў царквы.

— Не… толькі не туды.

— Дурны… Гэта неабходна.

— Не.

– І дзеля мяне не пойдзеш?

І тут Рогач рашаецца. Ён увесь трапеча, калі глядзіць на яе.

— Дзеля цябе — усё. Але я не магу. Зразумей, я павінен баяцца іх. Я… д'ябал.

Вочы Агаты загарэліся агеньчыкамі цікаўнасці.

— Так, я д'ябал…

Яна бярэ далонямі яго галаву.

— Ты?..

— Так. Я павінен цяпер пайсці ад цябе.

– І ты хочаш пайсці?

— Не, — амаль прастагнаў ён.

— Дык гэта ж усё прасцей… Заставайся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка