Private-Bookers
Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Што гэта? — пытае Рогач.

— Палітыка, любы. Вучыся.

Першы старшыня падняў вочы.

— Чаму мы тут? Дзе слова караля? Слова — золата?

— Добрай ночы, — усміхаючыся, кажа Агата. — Прыйшла пагаманіць.

— Нашто нас зняволілі? Мучылі?

— Мучылі? — На твары яе такое здзіўленне, вочы такія нявінныя, што Рогач зніякавеў. — Змучаныя, бедныя мае. Што ж вы? Ці я не маці ваша? Ці жаночае сэрца развучылася любіць? Прыпадзіце да ног. Я ўсё зразумею.

Яна кажа гэта так, што нехта са зняволеных усхліпнуў:

— Маці! Цябе падманулі!

— Ты жанчына! Табе цяжка!

Каралева ўсё яшчэ іграе.

— Мужчыны, моцныя. Чаму ж вы не дапаможаце мне, падманутай?

— Агата, — з дакорам кажа Рогач.

Але яна ўжо выпрамілася.

— Вы толькі мучаеце жанчын сваім "каханнем". Але ў вас не хапіла мазгоў, нават курыных мазгоў, калі жанчына, я, ашукала вас. Вас водзяць за нос і ў палітыцы, разумных, бязмерна распусных, нахабных быкоў… І вы, недавумкі, не зразумелі, што я забіла двух зайцаў.

Яна страшная ў гэты момант. І раптам зноў усмешка:

— Цяпер ва ўсім горадзе хапаюць мяцежнікаў. І калі вы — сэрца горада, дык я вырвала гэта сэрца. Вось гэтай рукой. Бруднае сэрца! Няшчасны горад!

— Хапаюць?! — пытае старшыня.

— Вядома. І вам цяпер будзе лягчэй паміраць. Вы ж звабілі іх сюды надзеямі. У вас ёсць добрае імя… А вашы жонкі падзякуюць Богу.

Старшыня глуха, без слёз, зарыдаў.

Рогач, здаецца, зразумеў нешта. Падыходзіць. Яна ўся пацягнулася да яго.

— Пацалуй мяне… Тут. Перад імі.

— Я зразумеў, - кажа Рогач. — Ты, што не ведаеш жаданняў. Ты ўсё жыццё даводзіла, што ты як астатнія жанчыны… Брыда!

Абражаная, яна выпростваецца:

— Ты міжвольна сказаў нешта падобнае на праўду. Але цябе я не адпушчу. Ты мой. І потым, куды ты пойдзеш ад мяне?

Рогач пакутліва спрабуе ўспомніць нешта… Стук сякеры… Лясны шум…

— Але, — выдыхае ён. — Нейкая сіла прымушае мяне. Ты — быццам памяць аб чымсьці… Але я… пагарджаю сабой.

Ён рэзка паварочваецца і ўходзіць.

__________

Ён ідзе дваром, міма вежы.

— Рогач, — ціха гучыць за спіной.

Ён не чуе. І раптам нешта прымушае яго замерці.

І каралева за яго спіной, наводдаль, таксама замерла.

У акне вежы агеньчык. А з акна ціха даносіцца дурненькая песня, усяго некалькі нот:

Такі жыве ён у нетрах, У шапцы чырвонай, як кроў, Кінжаламі і нажамі Ўвешаны да зубоў. А там, ля старой хаціны, З сівінкаю на лістках Маркоціцца ружа, садовая ружа Ў халодных росах-слязах.

— Успомніў! Успомніў!

Ён кідаецца да дзвярэй вежы.

— Цуд! Цуд гэтага дня! Зламай замок!

І нібы ўдар гонга. Рогач адхіснуўся.

На замку знак: змяя, што кусае сябе за хвост.

— Вечнасць! — шэпча ён.

І адчайна, усім целам, пачынае ламіцца ў дзверы:

— Дубраўка! Дубраўка! Дубраўка!!!

__________

Ноч. Турэмная камера. Дубраўка ў белым падраным сялянскім уборы сядзіць на камені ля сцяны. Прама, насупроць яе, — цёмная ніша.

Дзяўчына ўзнімае галаву: ёй паказаўся ў цемры нішы нейкі рух.

— Хто там?

Ляснула заслонка ліхтара: скупое святло асвяціла падзямелле. У нішы сядзіць каралева Агата, прамая, з бясстрасна-суровым тварам.

— Каралева?

— Але. Я стану гаварыць з табой аб адным чалавеку…

— Я ведаю. Мне аб ім свісцелі птушкі. Таму я і спявала.

Двайнікі сядзяць друг супраць друга, белая і чорная, спакойная і няўпэўненая, пры ўсёй уладнасці.

— Пакінь яго, — хрыпла кажа Агата. — Не мучай яго. Яму няма дарогі адсюль.

— Ён мой муж, — усміхаючыся, кажа Дубраўка.

— Гэты муж цалаваў мяне. У яго пяшчотныя моцныя рукі. Ён смешна ўздыхае ў сне. Я ведаю аб ім ўсё.

— У яго аднялі памяць. Ён не грэшны перада мной.

— Але ты аддасі яго мне, — уладна, але з ценем малення кажа Агата.

— Нашто?

Каралева рашылася на нешта:

— Усё жыццё мне былі прыкрымі мужчыны. Іхнія рукі, іхнія вочы, тое, як яны дакранаюцца да тваіх кос… Нават самыя пяшчотныя, якія бязважка цалуюць у вочы. Я ўсё жыццё цярпела пакуту… не кахаючы. І я помсціла ім… нават лепшым. І вось — ён… Ува мне як заззяла нешта. Адступіся, без яго я горшая за апошнюю жабрачку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка