Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

Святар быў малады і лёгка чырванеў і насіў гэткую ж форму, як і ўсе мы, толькі з крыжам з цёмна-чырвонага аксаміту над левай нагруднай кішэняй шэрага фрэнча. Капітан, спецыяльна для мяне, гаварыў на дрэннай італьянскай мове, чамусьці ён лічыў, што такім чынам я ўсё зразумею лепей і нічога не прапушчу.

— Святар сёння з дзяўчынка, — сказаў капітан, пазіраючы на святара і на мяне. Святар усміхнуўся і пачырванеў і паківаў галавой. Капітан часта пакепліваў з яго.

— А хіба ж? — сказаў капітан. — Я сёння бачыў святар у дзяўчынка.

— Не, — адказаў святар. Іншыя афіцэры пацяшаліся з выскаляння капітана.

— Святар з дзяўчынка не, — працягваў капітан. — Святар з дзяўчынка ніколі, — тлумачыў ён мне. Ён узяў маю шклянку і наліў у яе, увесь час пазіраючы мне ў вочы, але не губляючы з вачэй і святара.

— Святар кожную ноч сам па сабе. — Усе засмяяліся.

— Вы зразумелі? Святар кожную ноч сам па сабе. — Капітан зрабіў жэст рукой і гучна засмяяўся. Святар успрыняў гэта як жарт.

— Тата хоча, каб вайну выйгралі аўстрыйцы, — сказаў маёр. — Ён любіць Франца-Іосіфа. Вось адкуль у аўстрыйцаў і грошы. Я —атэіст.

— Вы калі-небудзь чыталі «Чорную свінню»? — спытаў лейтэнант. — Я вам дастану. Гэта кніга, якая пахіснула маю веру.

— Гэта брыдкая і дурная кніга, — сказаў святар. — Не можа быць, каб яна вам на самай справе спадабалася.

— Вельмі карысная кніга, — сказаў лейтэнант. —Там усё сказана пра святароў. Вам спадабаецца, — сказаў ён мне.

Я ўсміхнуўся святару, і ён усміхнуўся мне ў адказ з-за полымя свечкі.

— Не чытайце гэтага, — сказаў ён.

— Я вам дастану, — сказаў лейтэнант.

— Усе разважлівыя людзі атэісты, — сказаў маёр. — Зрэшты, я і масонства не прызнаю.

— А я прызнаю масонства, — сказаў лейтэнант. — Гэта высакародная арганізацыя.

Нехта ўвайшоў, і ў адчыненыя дзверы я ўбачыў, як падае снег.

— Цяпер ужо наступлення не будзе, калі выпаў снег,—сказаў я.

— Вядома, не, — сказаў маёр. — Пайсці б вам зараз у адпачынак. Паехаць у Рым, у Неапаль, у Сіцылію...

— Няхай ён едзе ў Амальфі, — сказаў лейтэнант. — Я дам вам пісьмо да маіх родзічаў у Амальфі. Яны вас палюбяць,як сына.

— Няхай ён едзе ў Палерма.

— А яшчэ лепей на Капры.

— Мне хацелася б, каб вы пабывалі ў Абруцах і пагасцявалі ў маіх родзічаў у Капракота, — сказаў святар.

— Вельмі яму трэба ехаць у Абруцы. Там снегу больш, чым тут. Яму што, любавацца сялянамі? Няхай едзе ў цэнтр культуры і цывілізацыі.

— Туды, дзе ёсць прыгожыя паненкі. Я дам вам адрасы ў Неапалі. Цудоўнай прыгажосці маладыя дзяўчаты — і ўсе ля мамаў. Ха-ха-ха!

Капітан разагнуў пальцы з кулака, падняў вялікі палец і растапырыў астатнія, як робяць, калі паказваюць кітайскія цені. На сцяне быў цень ад ягонай рукі. Ён зноў пачаў гаварыць на няправільнай мове:

— Вы ад'ехаць вось такі, — ён паказаў на вялікі палец, — а вярнуцца вось такі, — ён дакрануўся да мезенца. Усе засмяяліся.

— Глядзіце, — сказаў капітан. Ён зноў растапырыў пальцы. Зноў полымя свечкі адбіла на сцяну іхні цень.Ён пачаў з вялікага і назваў усе пяць пальцаў: sotto-tenente1(вялікі), tenente2 (указальны), capitano3 (сярэдні), maggjore4 (безыменны) і tenente-colonello5 (мезенец). — Вы ад'язджаеце sotto-tenente! Вы вяртаецеся tenente-colonello!

Усе засмяяліся. Кітайскія цені капітана мелі вялікі поспех. Ён зірнуў на святара і выгукнуў:

— Святар кожную ноч сам па сабе! — Усе засмяяліся.

— Едзьце ў адпачынак зараз жа, — сказаў маёр.

— Шкада, што я не магу паехаць разам з вамі, усё вам паказаць, — сказаў лейтэнант.

— Калі вы будзеце вяртацца, прывязіце грамафон.

— Прывязіце добрыя оперныя пласцінкі.

— Прывязіце Каруза.

— Каруза не прывозьце. Ён вые.

— Паспрабуйце вы гэтак завыць!

— Ён вые. Кажу вам, ён вые.

— Мне хацелася б, каб вы наведалі Абруцы, — сказаў святар. Усе астатнія шумелі. — Там добрае паляванне. Народ у нас слаўны, і зіма сухая і ясная, хоць і марозная. Вы маглі б пажыць у маіх родзічаў. Мой бацька апантаны паляўнічы.

— Ну, пайшлі,— сказаў капітан. — Мы ісці ў бардэль, а то зачыняць.

— Дабранач,— сказаў я святару.

— Дабранач,— сказаў ён.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

Калі я вярнуўся з адпачынку, мы ўсё яшчэ стаялі ў тым жа гарадку. У ваколіцах было значна больш артылерыі, і ўжо пачалася вясна. Палі былі зялёныя, а на лазе з'явіліся маленькія зялёныя парасткі; на дрэвах ля дарогі выплылі маленькія лісцікі, і з мора чуўся ветрык. Я ўбачыў горад, і пагорак, і стары замак на выступе пагорка, а далей горы, бурыя горы, крыху афарбаваныя зелянінай на схілах. У гарадку пабольшала гармат, адкрылася некалькі новых шпіталяў, на вуліцах сустракаліся англічане, часам англічанкі, і ад абстрэлу пацярпелі яшчэ некалькі дамоў. Было цёпла, і пахла вясной, і я прайшоў па абсаджанай дрэвамі вуліцы, цёплай ад сонца, прамені якога падалі на сцяну, і ўбачыў, што мы займаем усё той жа дом і што як быццам нічога не змянілася за гэты час. Дзверы былі адчыненыя, на лаўцы ля сцяны сядзеў на сонцы салдат, санітарная машына чакала ля бакавога ўваходу, а за дзвярыма мяне сустрэў пах каменнай падлогі і бальніцы. Нічога не змянілася, толькі зараз была вясна. Я зазірнуў у дзверы вялікага пакоя і ўбачыў, што маёр сядзіць за сталом, акно адчынена і сонца свеціць у пакой. Ён не бачыў мяне, і я не ведаў, ці з'явіцца мне з рапартам ці спачатку пайсці ўверх і пачысціцца. Я вырашыў пайсці наверх.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка