Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Не, — сказаў я.

— Дзякуй Богу.

— Што гэта ў вас за кіёк? — спытаў я.

Міс Барклі была даволі высокая. Яна была ў белай сукенцы, якую я палічыў за форму міласэрнай сястры, бландзінка з залацістай скурай і шэрымі вачыма. Яна здавалася мне вельмі прыгожай. У руках яна трымала тонкі ратангавы кіёк, нешта накшталт цацачнага стэка.

— Гэта — аднаго афіцэра, ён быў забіты ў мінулым годзе.

— Даруйце...

— Ён быў вельмі слаўны. Я павінна была выйсці за яго замуж, а яго забілі на Соме.

— Там была сапраўдная разня.

— Вы там былі?

— Не.

— Мне расказвалі, — сказала яна. — Тут вайна зусім іншая. Мне прыслалі гэты кіёчак. Яго маці прыслала. Яго аддалі разам з ягонымі рэчамі.

— Вы доўга былі заручаны?

— Восем гадоў. Мы разам выраслі.

— Чаму ж вы не выйшлі за яго раней?

— Сама не ведаю, — сказала яна. — Вельмі неразумна. Гэта я, ва ўсякім выпадку, магла для яго зрабіць. Але я думала, што так яму будзе горай.

— Разумею.

— Вы каго-небудзь кахалі?

— Не, — сказаў я.

Мы селі на лаўку, і я паглядзеў на яе.

— У вас прыгожыя валасы, — сказаў я.

— Вам падабаюцца?

— Вельмі.

— Я хацела іх адрэзаць, калі ён памёр.

— Што вы.

— Мне хацелася што-небудзь зрабіць дзеля яго. Я не надавала ўвагі гэткім рэчам; калі б ён захацеў, ён мог атрымаць усё. Ён мог бы атрымаць усё, што захацеў бы, калі б я толькі разумела. Я выйшла б за яго замуж альбо проста так. Зараз я ўсё гэта разумею. Але тады ён збіраўся на вайну, а я нічога не разумела.

Я маўчаў.

— Я тады наогул нічога не разумела. Я думала, што так для яго будзе горай. Я думала, мо ён не здолее перажыць гэта. А пасля яго забілі, і зараз усё скончана.

— Хто ведае.

— Так, праўда, — сказала яна. — Зараз усё скончана.

Мы азірнуліся на Рынальдзі, які размаўляў з другой сястрой.

— Як яе зваць?

— Фергюсон. Элен Фергюсон. Ваш сябар, здаецца, урач?

— Так, ён добры доктар.

— Гэта вельмі прыемна. Так рэдка сустрэнеш добрага доктара ў прыфрантавой паласе. Гэта ж прыфрантавая паласа, праўда?

— Вядома.

— Бязглузды фронт, — сказала яна. — Але тут вельмі прыгожа. А наступленне будзе?

— Так.

— Тады ў нас будзе работа. Зараз ніякай работы няма.

— Вы даўно працуеце сястрой?

— З канца пятнаццатага года. Я пайшла разам з ім. Помню, я была захоплена неразумнай думкай, што ён трапіць у той шпіталь, дзе я працавала. Паранены табельным ударам, з павязкай вакол галавы. Альбо з прастрэленым плячом. Нешта рамантычнае.

— Тут самы рамантычны фронт, — сказаў я.

— Так, — сказала яна. — Людзі не ўяўляюць, што такое вайна ў Францыі. Калі б яны ўяўлялі, гэта не магло б працягвацца. Ён не быў паранены табельным ударам. Яго разарвала на кавалкі.

Я маўчаў.

— Вы лічыце, гэта будзе доўжыцца вечна?

— Не.

— А што адбудзецца?

— Дзе-небудзь сарвецца.

— Мы сарвёмся. Мы сарвёмся ў Францыі. Нельга наладжваць такія рэчы, як на Соме, і не сарвацца.

— Тут не сарвецца, — сказаў я.

— Вы лічыце?

— Так. Мінулым летам усё ішло ўдала.

— Можа сарвацца, — сказала яна. — Усюды можа сарвацца.

— I ў немцаў таксама.

— Не, — сказала яна. — Не думаю.

Мы падышлі да Рынальдзі і міс Фергюсон.

— Вы любіце Італію? — пытаўся Рынальдзі ў міс Фергюсон па-англійску.

— Тут няблага.

— Не разумею, — Рынальдзі паківаў галавой.

— Abbastanza bene8, — пераклаў я. Ён паківаў галавой.

— Гэта нядобра. Вы любіце Англію?

— Не вельмі. Я шатландка.

Рынальдзі запытальна зірнуў на мяне.

— Яна шатландка, і таму больш за Англію любіць Шатландыю, — сказаў я па-італьянску.

— Але ж Шатландыя — Англія.

Я пераклаў яго словы міс Фергюсон.

— Pas encore9, — сказала міс Фергюсон.

— Яшчэ не?

— I ніколі не будзе. Мы не любім англічан.

— Не любіце англічан? Не любіце міс Барклі?

— Ну, гэта зусім іншае. Нельга разумець так літаральна.

Крыху пачакаўшы мы развіталіся і разышліся. Па дарозе дамоў Рынальдзі сказаў:

— Вы спадабаліся міс Барклі больш, чым я. Гэта ясна, як дзень. Але тая шатландка таксама нічога.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка