Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Так, — сказаў я. Я не звярнуў на яе ўвагі. — Яна вам падабаецца?

— Не, — сказаў Рынальдзі.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

На наступны дзень я зноў пайшоў да міс Барклі. Яе не было ў садзе, і я збочыў да таго ўваходу на вілу, куды пад'язджалі санітарныя машыны. Калі ўвайшоў, я ўбачыў старшую сястру шпіталя, якая сказала мне, што міс Барклі на дзяжурстве.

— Вайна...

Я сказаў, што ведаю.

— Вы той самы амерыканец, які служыць у італьянскай арміі? — спытала яна.

— Так, мэм.

— Як гэта здарылася? Чаму вы не пайшлі да вас?

— Сам не ведаю, — сказаў я. — А можна мне зараз перайсці да вас?

— Баюся, што зараз нельга. Скажыце, чаму вы пайшлі ў італьянскую армію?

— Я жыў у Італіі, — сказаў я, — і я гавару па-італьянску.

— О! — сказала яна. — Я вывучаю італьянскую мову. Вельмі прыгожая мова.

— Кажуць, што яе можна вывучыць за два тыдні.

— Не-е, я не вывучу за два тыдні. Я займаюся ўжо некалькі месяцаў. Калі хочаце яе ўбачыць, можаце зайсці пасля сямі гадзін. Яе тады заменяць. Але не прыводзьце з сабой розных італьянцаў.

— Нягледзячы на прыгожую мову?

— Так. Нягледзячы нават на прыгожыя мундзіры.

— Да сустрэчы, — сказаў я.

— A rividerci, tenente10.

— A rividerla. — Я казырнуў і выйшаў. Нельга казыраць чужаземцам так, як гэта робяць у Італіі, і не адчуваць разгубленасці. Італьянская манера казыраць, відаць, не разлічана на экспарт.

Дзень быў гарачы. Ранкам я ездзіў у вярхоўе ракі, да перадмаставога ўмацавання ля Плавы. Адтуль павінна пачацца наступленне. У мінулым годзе прасоўвацца па тым беразе было немагчыма, бо толькі адна дарога вяла ад перавалу да пантоннага моста і яна амаль цэлую мілю была адкрыта для кулямётнага і гарматнага агню. Акрамя таго, яна была недастаткова шырокая, каб увабраць увесь неабходны для наступлення транспарт, і аўстрыйцы маглі наладзіць там сапраўдную разню. Але італьянцы перайшлі раку і прасунуліся па беразе ў абодва бакі, такім чынам яны ўтрымлівалі зараз на аўстрыйскім беразе ракі паласу на паўтары мілі. Гэта давала ім небяспечную перавагу, і аўстрыйцам нельга было дапускаць, каб яны замацаваліся там. Я думаю, тут выяўлялася агульная цярпімасць, бо другое перадмаставое ўмацаванне, якое ніжэй па рацэ, усё яшчэ заставалася ў руках аўстрыйцаў. Аўстрыйскія акопы былі ніжэй, на схіле гары, толькі за некалькі ярдаў ад італьянскіх пазіцый. Раней на беразе быў гарадок, але яго размалаціла на трэскі. Крыху далей былі руіны чыгуначнай станцыі і разбураны мост, які нельга было адрамантаваць і скарыстоўваць, бо за ім можна было назіраць з усіх бакоў.

Я праехаў па вузкай дарозе ўніз да ракі, пакінуў машыну на перавязачным пункце пад выступам пагорка, пераправіўся цераз пантонны мост, захінуты рогам гары, і абышоў акопы на месцы разбуранага гарадка і ля падножжа схіла. Усе былі ў бліндажах. Я ўбачыў складзеныя напагатове ракеты, якімі карысталіся для выкліку агнявой падтрымкі артылерыі альбо для сігналізацыі, калі была перарвана сувязь. Было ціха, горача і брудна. Я паглядзеў цераз драцяныя загароды на аўстрыйскія пазіцыі. Нікога не было відаць. Я выпіў са знаёмым капітанам у адным з бліндажоў і цераз мост вярнуўся назад.

Дабудоўвалася новая шырокая дарога, якая перавальвала праз гару і зігзагамі спускалася да моста. Наступленне павінна было пачацца, як толькі гэтая дарога будзе дабудавана. Яна ішла па лесе, крута выгінаючыся. План быў такі: усё падвозіць па новай дарозе, а пасля грузавікі і вазы, санітарныя машыны з параненымі і ўвесь зваротны транспарт накіроўваць па старой вузкай дарозе. Перавязачны пункт знаходзіўся на аўстрыйскім беразе пад выступам пагорка, і параненых павінны былі на насілках несці цераз пантонны мост. Меркавалася захаваць гэты парадак і пасля пачатку наступлення. Як я сабе ўяўляў, апошняя міля з лішнім новай дарогі там, дзе заканчваўся схіл, павінна была прастрэльвацца аўстрыйскай артылерыяй. Справа магла закончыцца кепска. Але я знайшоў месца, дзе можна было схаваць машыны пасля таго, як яны пройдуць гэты апошні небяспечны перагон, і дзе яны маглі чакаць, пакуль параненых перанясуць цераз пантонны мост. Мне хацелася праехаць па новай дарозе, але яна не была яшчэ закончана. Яна была шырокая, з добра разлічаным профілем, і яе выгібы выглядалі вельмі прывабна ў прасветах на лясістым схіле гары. Для машын з іхнімі моцнымі тармазамі спуск не будзе цяжкі, бо, ва ўсякім выпадку, уніз яны пойдуць парожнія. Я паехаў па вузкай дарозе назад.

Двое карабінераў затрымалі машыну. Наперадзе на дарозе разарваўся снарад, і пакуль мы стаялі, разарвалася яшчэ тры. Гэта былі 77-міліметроўкі, і калі яны ляцелі, быў чуваць пранізлівы шэлест, а пасля рэзкі, кароткі выбух, успышка, і шэры дым засцілаў дарогу. Карабінеры далі нам знак ехаць далей. Калі параўняліся з месцамі выбухаў, я аб'ехаў невялікія варонкі і адчуў пах узрыўчаткі і пах разварочанай гліны, і каменя, і свежа-раструшчанага крэменю. Я вярнуўся ў Гарыцыю, на нашу вілу, і, як я ўжо казаў, пайшоў да міс Барклі, якая была на дзяжурстве.

У час абеду я еў вельмі хутка і адразу ж зноў выправіўся на вілу, дзе быў англійскі шпіталь. Віла была вельмі вялікая і прыгожая, і ля дома раслі цудоўныя дрэвы. Міс Барклі сядзела на лаўцы ў садзе. З ёй была міс Фергюсон. Яны, здавалася, узрадаваліся мне, і праз нейкі час міс Фергюсон папрасіла прабачэння і ўстала.

— Я пакіну вас, — сказала яна. — Вы выдатна абыходзіцеся без мяне.

— Не ідзіце, Элен, — сказала міс Барклі.

— Не, я пайду ўжо. Мне трэба пісаць пісьмы.

— Дабранач, — сказаў я.

— Дабранач, містэр Генры.

— Не пішыце нічога такога, што занепакоіла б цэнзара.

— Не хвалюйцеся. Я пішу толькі пра тое, у якім прыгожым месцы мы жывём і якія храбрыя ўсе італьянцы.

— Працягвайце гэтак жа, і вы атрымаеце ордэн.

— Буду вельмі радая. Дабранач, Кэтрын.

— Я хутка зайду да вас, — сказала міс Барклі. Міс Фергюсон знікла ў цемры.

— Яна добрая, — сказаў я.

— Гэта праўда. Яна вельмі добрая. Яна сястра.

— А вы хіба не сястра?

— О не. Я тое, што называецца VAD11. Мы працуем вельмі шмат, але нам не давяраюць.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка