Шрифт:
Пакой, які я дзяліў з лейтэнантам Рынальдзі, выходзіў у двор. Акно было адчынена, мой ложак засланы коўдрай, і на сцяне віселі мае рэчы, процівагаз у прадаўгаватым бляшаным футарале, стальная каска на тым жа кручку. Ля ложка стану мой куфэрак, а на ім мае зімовыя боты, бліскучыя ад тлушчу. Мая вінтоўка аўстрыйскага ўзору з васьмігранным варанёным ствалом і зручным прыгожым, з цёмнага арэха прыкладам вісела паміж ложкаў. Я згадаў, што тэлескапічны прыцэл да яе схаваны ў куфэрку. Рынальдзі, лейтэнант, ляжаў на іншым ложку і спаў. Ён прачнуўся, калі пачуў мае крокі, і ўзняў галаву з падушкі.
— Сіао!6 — сказаў ён. — Ну, як бавілі час?
— Выдатна.
Мы паціснулі адзін аднаму рукі, а затым ён абняў мяне за шыю і пацалаваў.
— Уф! — сказаў я.
— Вы брудны, — сказаў ён. — Вам трэба памыцца. Дзе вы былі, што рабілі? Расказвайце пра ўсё адразу.
— Я быў усюды. У Мілане, Фларэнцыі, Рыме, Неапалі, Віла-Сан-Джавані, Месіне, Таарміне...
— Проста чыгуначны даведнік. Ну, а цікавыя прыгоды былі?
— Былі.
— Дзе?
— Milano, Firenze, Roma, Napoli...
— Досыць. Скажыце, а дзе было сама лепей?
— У Мілане.
— Таму што гэта была першая прыгода. Дзе вы яе сустрэлі? У «Нова»? Куды вы пайшлі? Як усё было? Расказвайце адразу. Засталіся на ноч?
— Так.
— Ну і што. Зараз і ў нас тут цудоўныя дзяўчаткі. Новенькія, першы раз на фронце.
— Ды ну?
— Не верыце? Вось пойдзем сёння, самі ўбачыце. А ў горад з'явіліся прыгожанькія маладыя англічанкі. Я зараз закаханы ў міс Барклі. Я вас пазнаёмлю. Я, відаць, ажанюся з міс Барклі.
— Мне трэба памыцца і з'явіцца з рапартам. А хіба работы зараз няма?
— Пасля вашага ад'езду мы толькі і ведаем, што адмарожаныя рукі і ногі, жаўтуху, трыпер, знарочыстае членашкоджанне, запаленне лёгкіх, цвёрдыя і мяккія шанкеры. Раз за тыдзень каго-небудзь прыбівае асколкам скалы. Ёсць некалькі сапраўды параненых. На будучым тыдні вайна зноў пачнецца. Верагодна, што пачнецца. Так гавораць. Як вы лічыце, варта мне жаніцца з міс Барклі, вядома, пасля вайны?
— Безумоўна, — сказаў я і наліў поўны таз вады.
— Вечарам вы мне пра ўсё раскажаце, — сказаў Рынальдзі. — А зараз я мушу яшчэ паспаць, каб заявіцца да міс Барклі прыгожым і дужым.
Я зняў фрэнч і сарочку і памыўся халоднай вадой з таза. Расціраўся ручніком і пазіраў па баках, у акно, на Рынальдзі, які ляжаў на ложку з заплюшчанымі вачыма. Ён быў прыгожы, мой аднагодак, родам з Амальфі. Ён любіў сваю працу хірурга, і мы былі добрымі сябрамі. Адчуўшы мой погляд, ён расплюшчыў вочы.
— У вас грошы ёсць?
— Ёсць.
— Пазычце мне пяцьдзесят лір.
Я выцер рукі і дастаў кашалёк з унутранай кішэні фрэнча, які вісеў на сцяне. Рынальдзі ўзяў паперку, склаў яе, не ўстаючы з ложка, і засунуў у кішэню штаноў. Ён усміхнуўся.
— Мне трэба зрабіць на міс Барклі ўражанне чалавека з грашыма. Вы мой добры, верны сябар і фінансавы апякун.
— Ну вас да д'ябла, — сказаў я.
Вечарам я сядзеў у афіцэрскай сталовай побач са святаром, і яго пакрыўдзіла і нечакана абразіла, што я не паехаў у Абруцы. Ён пісаў пра мяне бацьку, і да майго прыезду рыхтаваліся. Я сам шкадаваў пра гэта не менш, чым ён, і мне было незразумела, чаму я не паехаў. Мне вельмі хацелася паехаць, і я спрабаваў патлумачыць, як тут адно чаплялася за другое, і ў рэшце рэшт ён зразумеў і паверыў, што мне сапраўды хацелася паехаць, і ўсё амаль уладзілася. Я выпіў шмат віна, а пасля кавы, п'янеючы, разважаў пра тое, як гэта атрымліваецца, што чалавеку не ўдаецца зрабіць тое, што хочацца; ніколі не ўдаецца.
Мы з ім размаўлялі, пакуль іншыя шумелі і спрачаліся. Мне хацелася паехаць у Абруцы. Але я не паехаў у мясціны, дзе дарогі заледзянелыя і цвёрдыя, як жалеза, дзе ў холад ясна і суха, і снег сухі і рассыпчаты, і сляды зайца на снезе, і сяляне здымаюць шапку і завуць вас «дон», і дзе добрае паляванне. Я не паехаў у такія мясціны, а паехаў туды, дзе дымныя кафэ і ночы, калі пакой кружыцца, і трэба пазіраць у сцяну, каб ён спыніўся, п'яныя ночы ў ложку, калі ведаеш, што больш нічога няма, акрамя гэтага, і так дзіўна прачынацца пасля, не ведаючы, хто з табой побач, і свет у цемры здаецца нерэальным і гэткім востра хвалюючым, што трэба ўсё пачынаць спачатку, не ведаючы і не разважаючы ноччу, дакладна ведаючы, што больш нічога няма, і няма, і няма, і не разважаючы. I раптам задумаешся вельмі глыбока і заснеш і часам раніцай прачнешся, і таго, што было, ужо няма, і ўсё гэтак выразна, і ясна, і дакладна, і часам спрэчкі аб аплаце. Часам усё-ткі яшчэ добра, і цёпла, і ўтульна,і сняданак і абед. Часам прыемнага не засталося нічога, і рады хутчэй выбрацца на вуліцу, але на наступны дзень зноў тое ж самае, і наступнай ноччу таксама. Я спрабаваў расказаць пра ночы, і пра тое, якая розніца паміж днём і ноччу, і чаму ноч лепшая, хіба што толькі дзень вельмі халодны і ясны, але я не мог выказаць гэтага, як не магу і зараз. Калі з вамі такое здаралася, вы зразумееце. З ім такога не здаралася, але ён зразумеў, што я сапраўды хацеў паехаць у Абруцы, але не паехаў, і мы засталіся сябрамі, у многім падобныя і ўсё ж вельмі розныя. Ён заўсёды ведаў тое, чаго не ведаў я, пра што, даведаўшыся, заўсёды быў гатовы забыцца. Але гэта я зразумеў толькі пазней, а тады не разумеў. Між іншым мы ўсё яшчэ сядзелі ў сталовай. Усе ўжо паелі, але працягвалі спрачацца. Мы са святаром замоўклі, і капітан выгукнуў:
— Святару сумна. Святару сумна без дзяўчат.
— Мне не сумна, — сказаў святар.
— Святару сумна. Святар хоча, каб вайну выйгралі аўстрыйцы, — сказаў капітан. Іншыя прыслухаліся. Святар пакруціў галавой.
— Не, — сказаў ён.
— Святар не хоча, каб мы наступалі. Праўда, вы не хочаце, каб мы наступалі?
— Не. Калі ідзе вайна, мне здаецца, мы павінны наступаць.
— Павінны наступаць. Будзем наступаць.
Святар кіўнуў.
— Пакіньце яго, — сказаў маёр. — Ён добры хлопец.