Шрифт:
— Кесарава сячэнне, — сказала адна. — Зараз будуць рабіць кесарава сячэнне.
Другая засмяялася.
— Мы якраз дарэчы. Во пашанцавала! — Яны ўвайшлі ў дзверы, якія вялі на галерэю.
Падышла яшчэ адна сястра. Яна таксама спяшалася.
— Заходзьце, што ж вы. Заходзьце, — сказала яна.
— Я пачакаю тут.
Яна паспешна ўвайшла. Я пачаў хадзіць туды-сюды па калідоры. Я баяўся зайсці. Я паглядзеў у акно. Было цёмна, але ў святле ад акна я ўбачыў, што ідзе дождж. Я ўвайшоў у нейкі пакой у канцы калідора і паглядзеў на этыкеткі бутэлек у шкляной шафе. Затым я выйшаў, і стаяў у пустым калідоры, і глядзеў на дзверы аперацыйнай.
Выйшаў другі доктар і за ім сястра. Доктар трымаў абедзвюма рукамі штосьці падобнае на толькі што абадранага труса, і, паспешна прайшоўшы па калідоры, увайшоў у другія дзверы. Я падышоў да дзвярэй, у якія ён выйшаў, і ўбачыў, што яны нешта робяць з нованароджаным. Доктар падняў яго, каб паказаць мне. Ён падняў яго за ногі і пляснуў.
— У яго ўсё нармальна?
— Цудоўнае хлапчанё. Кілаграмаў пяць будзе.
У мяне не было да яго ніякіх пачуццяў. Ён нібыта не меў да мяне ніякіх адносін. У мяне не было бацькоўскага пачуцця.
— Хіба вы не ганарыцеся сваім сынам? — спытала сястра. Яны абмывалі яго і ў нешта загортвалі. Я бачыў маленькі цёмны тварык і цёмную ручку, але не прыкмячаў ніякіх рухаў і не чуў крыку. Доктар зноў пачаў нешта з ім рабіць. У яго быў заклапочаны выгляд.
— Не, — сказаў я. — Ён ледзь не забіў сваю маці.
— Ён не вінаваты ў гэтым. Хіба вы не хацелі хлопчыка?
— Не, — сказаў я.
Доктар усё вазіўся з ім. Ён падняў яго за ногі і пляскаў. Зараз я мог увайсці і паглядзець. Я ўвайшоў праз дзверы, якія вялі на галерэю, і спусціўся на некалькі прыступак. Сёстры, якія сядзелі ля бар'ера, зрабілі мне знак спусціцца да іх. Я пакруціў галавой. Мне добра было відаць з майго месца.
Я падумаў, што Кэтрын памерла. Яна здавалася мёртвай. Яе твар, тая частка, якую я мог бачыць, быў шэры. Там унізе, пад лямпай, доктар зашываў шырокую, доўгую, з тоўстымі берагамі, рассунутую пінцэтамі рану. Другі доктар у масцы даваў наркоз. Дзве сястры ў масках падавалі інструменты. Гэта нагадвала карціну, дзе адлюстравана інквізіцыя. Я ведаў, што я мог быць там і бачыць усё, але я быў рады, што не бачыў. Верагодна, я не мог бы глядзець, як рабілі разрэз, але зараз я глядзеў, як берагі раны злучаліся ў шырокі рубец пад хуткімі, лоўкімі з выгляду шыўкамі, якія нагадвалі працу краўца, і я быў рады. Калі берагі раны злучыліся зусім, я выйшаў у калідор і зноў стаў хадзіць туды-сюды. Неўзабаве выйшаў доктар.
— Ну, як яна?
— Нічога. Вы глядзелі? Ён быў стомлены.
— Я бачыў, як вы зашывалі. Мне здалося, што разрэз надта доўгі.
— Вы так думаеце?
— Ага. Пазней шрам разгладзіцца?
— Вядома.
Неўзабаве выкацілі насілкі і вельмі хутка павезлі іх па калідорах да ліфта. Я пайшоў побач. Кэтрын стагнала. Унізе, у палаце, яе паклалі на ложак. Я сеў на стул у нагах ложка. Сястра была ўжо ў палаце. Я стаў ля пасцелі. У палаце было цёмна. Кэтрын падала руку.
— Ты тут, любы? — сказала яна. Голас у яе быў вельмі слабы і стомлены.
— Тут, дарагая.
— Як дзіця?
— Ш-ш, не размаўляйце, — сказала сястра.
— Хлопчык. Ён доўгі, і тоўсты, і цёмны.
— У яго ўсё нармальна?
— Так, — сказаў я. — Цудоўнае хлапчанё.
Я бачыў, што сястра неяк дзіўна паглядзела на мяне.
— Я страшна стамілася, — сказала Кэтрын. — I ўсё ў мяне так баліць! А на каго ён падобны?
— Ён падобны на абадранага труса са зморшчаным старэчым тварам.
— Вы лепей выйдзіце, — сказала сястра. — Madame Генры нельга размаўляць.
— Я пабуду ў калідоры, — сказаў я.
— Ідзі паеш.
— Не. Я пабуду ў калідоры.
Я пацалаваў Кэтрын. Твар у яе быў зусім шэры, спакутаваны і стомлены.
— Ці можна вас на хвілінку, — папрасіў я сястру. Яна выйшла разам са мной у калідор. Я крыху адышоўся ад дзвярэй.
— Што з дзіцём? — спытаў я.
— А вы хіба не ведаеце?
— Не.
— Яно было нежывое.
— Яно было мёртвае?
— У яго не змаглі выклікаць дыханне. Пупавіна абкруцілася вакол шыі.
— Значыць, яно мёртвае?
— Так. Вельмі шкада. Такое выдатнае вялікае дзіця. Я думала, вы ведаеце.
— Не, — сказаў я. — Вы ідзіце туды, да madame.
Я сеў на стул ля століка, на якім збоку ляжалі начэпленыя на дрот справаздачы сясцёр, і паглядзеў у акно. Я нічога не бачыў, акрамя цемры і дажджу, які перасякаў светлую паласу ад акна. Дык вось у чым справа! Дзіця было мёртвае. Вось чаму ў доктара быў такі стомлены выгляд. Але навошта тады яны рабілі ўсё гэта з ім там, у пакоі? Відаць, спадзяваліся, што ў яго з'явіцца дыханне і яно ажыве. Я не быў рэлігійны, але я ведаў, што яго трэба ахрысціць. А калі яно наогул ні разу не ўздыхнула? Гэта ж так. Яно зусім не жыло. Толькі ў Кэтрын. Я часта адчуваў, як яно там варочаецца. А апошнімі днямі не. Мо яно яшчэ тады задыхнулася? Беднае дзіця! Шкада, што я сам не задыхнуўся так, як яно. Не, не шкада. Хоць тады не давялося б прайсці праз усе гэтыя смерці. Зараз памрэ Кэтрын. Вось чым усё канчаецца. Смерцю. Не ведаеш нават, навошта ўсё гэта. Не паспяваеш даведацца. Цябе проста шпурляюць у жыццё і гавораць табе правілы, і адразу ж, як толькі цябе застаюць знянацку, цябе заб'юць. Альбо заб'юць нізавошта, як Аймо. Альбо заразяць сіфілісам, як Рынальдзі. Але рана ці позна цябе заб'юць. У гэтым ты можаш быць упэўнены. Сядзі і чакай, і цябе заб'юць.