Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
У гэты час з'явіліся першыя пісьменнікі. Літаратура, створаная імі, гэта яшчэ рэлігійная, царкоўная літаратура: жыція святых, паломніцкія падарожжы, царкоўныя казані. Але паглядзіце, як жыва гучыць, напрыклад, апісанне вясны ў Кірылы Тураўскага (ХІІ ст.): "Сёння сонца красуяся да вышыні ўсходзіць і красуяся зямлю агравае… Сёння… скончылася зіма і лёд… растаяў… Цяпер вясна красуецца, ажыўляючы прыроду зямную; бурныя ветры, ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, гадуючы насенне, нараджае зялёную траву… Сёння навароджаныя ягняты… скачуць і, хутка да матак сваіх вяртаючыся, весяляцца. Сёння дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі водарныя працвітаюць, і вось ужо сады струменяць салодкі пах… Сёння ўсе добрагалосныя птушкі… весяляцца… і, сваю кожная спяваючы песню, славяць бога нямоўчнымі галасамі". Праўда, зусім як майскі вечар, калі адпачываюць людзі на прызбе ля хаты. Сады цвітуць. Дзеці бегаюць і кідаюць шапкамі ў хрушчоў або калоцяць іх з дрэў. Гэта і тады было так.
I паўстане род на род i племя на племя
Жукі і кветкі і дзеці былі такія самыя. Не такі быў толькі час. Час, калі дзяліліся людзі на смердаў і лепшых людзей, калі асветніца і, магчыма, самая разумная жанчына эпохі, Ефрасіння Полацкая, радасна, не бачачы ў гэтым ахвяры, ішла ў манастыр, калі, урэшце, пачаўся феадальны разброд, войны, у якіх адзін славянін павінен быў забіваць другога славяніна…
Страшна чытаць тагачасныя летапісы. Няма сваяка, бацькі, друга, брата — ёсць прэтэндэнты на ўладу. Князі грызуцца, як псы. Гэтым карыстаюцца ворагі. Міцкевіч піша пра гэты час:
Тым часам Мешка ў княскім замку седзеў: Рвуць край правадыры, а з-за мяжы — суседзі. . I адбiваўся стогн, што енчыў люд падданы, Ад гарадскіх муроў, ад вежаў, ад паркана, Калі ж і далятаў да княжаскага вуха, То князь ім пагарджаў ці краем вуха слухаў. ("Мешка, князь Наваградскi". — пераклад мой. — Ул. К.)Былі ў гэтай барацьбе, што праўда, і свае героі, свае рыцары. Пра двух, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, гаворыць аўтар "Слова". Адзін — Ізяслаў сын Васількоў, які, пазваніўшы мячамі аб літоўскія шаломы, нерухома ўлёгся на крывавай траве, і па якім так сумна плакалі гародзенскія трубы.
Другі і ўвогуле асоба фантастычная, асоба-міф. Па дзёрзкасці, па здатнасці ўладна ўзяць рукамі ўдачу і не адпускаць яе. І вось што дзіўна. Усяслаў Полацкі шмат разоў ваяваў і з Ноўгарадам і з Кіевам, а аўтар "Слова" чамусьці не асуджае яго і толькі моліць яго нашчадкаў кінуць сваркі і ўсобіцы, каб вярнулася магутная слава Усяслава. Чаму? Можа, таму, што людзям заўсёды быў па сэрцы смелы, удатны, вясёлы, сказаў бы я, авантурызм добрага толку. Той, калі ў прыгодах не шукаюць для сябе асабістай выгады, калі чалавек таленавіты нават у недахопах. Па-здрадніцку ўзялі ў палон, кінулі ў цямніцу, а кіяўляне падчас паўстання вызвалілі яго, пасадзілі на "стол". Здавалася б, веліч, слава, сіла, ды яшчэ ў спалучэнні з мужнасцю, з талентам не абы-якога дзяржаўнага дзеяча. А ён у гэтай славе, у бязмерна багатым Кіеве… чуе, як ударылі званы Сафіі Полацкай. Мабыць, бачыць лясы, занесены снегам пасад, чуе ваўчынае выццё за весніцамі вёсак, лёд у вёдрах і калматы цень, што калыхаецца на сцяне.
І нічога ўжо яму не трэба. І ён скача лютым зверам "В плъночи из Белаграда… отвори врата Новуграду, разшибе славу Ярославу, скочи влъком до Немиги…"
Чарадзей. У ваўка можа ператварацца. З яго, мабыць, і пайшла цалкам даставерная ("усё праўда") здольнасць найбольш спрытных і здольных беларусаў нібыта перакідацца ў ваўкалакаў, па сваёй ахвоце ператварацца з чалавека ў ваўка і наадварот.
Літва. Белая Русь
Насоўвалася бяда. З аднаго боку крыжакі, з другога — татара-мангольская навала.
І што з таго, што ад татар паўночна-заходнім, беларускім княствам удалося адбіцца, што ў першай бітве пад Крутагор'ем татарская цьма пабегла ад мячоў войска, якім кіравалі Скірмунт і Ракутовіч, што ад Слуцка іх адбіў Слуцкі князь, ад Крычава бязведамны Іванка, хутчэй за ўсё нават просталюдзін. Краіна знемагла. Вядома, на баку літоўцаў, па гэтай прычыне, была ваенная сіла, але затое яны і княствы беларускай тэрыторыі былі добра азнаёмлены адзін з адным.
Яднанне ўласна літоўскіх земляў (Жэмайціі і Аўкштайціі) з землямі беларускімі стала гістарычнай неабходнасцю. Рускія княствы былі захоплены татарамі, якія былі страшнай пагрозай для княстваў паўночна-заходняй Русі. З поўначы і Беларусі і Літве пагражаў Лівонскі ордэн, з захаду пагражаў тэўтонскі — страшная пагроза самаму існаванню як літоўцаў, так і славян.
Без яднання было не жыць. Без яднання заставалася толькі адно: знікнуць, згінуць, не пакінуўшы нават імя на твары зямным.
Дальнабачлівыя людзі з Беларусі, якія прагнулі спакою і парадку для пашматаванай, абяскроўленай роднай зямлі, не памыліліся. Нічога новага літоўцы не ўнеслі, акрамя жыццёва патрэбнай моцнай вярхоўнай улады, нічога не змянілі. Наадварот, праводзілі палітыку цярпімасці, асядалі на новай зямлі, жаніліся на славянках, прымалі хрысціянства. Ужо ў другім-трэцім пакаленні старабеларуская мова стала іхняй мовай, мовай суда, мовай дзяржаўных актаў. Як пазней мова стараўкраінская стала на поўную моц гучаць у актах, складзеных дзе-небудзь пад Кіевам. Урэшце, дзяліць адну ад другой у той час яшчэ цяжкавата. Была, праўда, розніца ў гаворках, але, мабыць, і не болей.
Яны, нешматлікія, растварыліся ў славянскім моры ва ўсіх мясцінах, куды прыйшлі. І толькі на землях, адкуль яны былі родам (у Жэмайціі і Аўкштайціі) засталася (і то пераважна сярод сялян, мяшчан і часткі дробнай шляхты) жывая літоўская мова. Як балгары прынеслі склавінам і антам толькі назву будучай дзяржавы, так і літоўцы: "Літва", "Вялікае княства Літоўскае".
На стварэнні Вялікага княства Літоўскага беларусы нічога не страцілі, хутчэй прыдбалі. Прынамсі, на першы час, да уніі. Пазбавіліся жудаснага татарскага і крыжацкага рабства, якое сушыла самы дух, збераглі кнігу, навуку, родную мову ў судзе і дзяржаўных установах, законы на роднай мове і, прытым, больш дасканалыя, чым у многіх суседзяў.