Private-Bookers
Зямля пад белымі крыламі
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Стварыўся баявы саюз, федэрацыя розных народаў.

У гэтай федэрацыі пачала складвацца ў ХІІІ ст. асобная беларуская мова і сам беларускі народ.

Па тагачасных кнігах пра гэта не заўсёды скажаш. Чаму? Бо людзі тады пісалі па традыцыі, і таму на пісьме гэтыя новыя асаблівасці нашай мовы амаль не праяўляліся. Кніга не адлюстроўвала праўдзівага стану мовы. Мы ведаем, што людзі ўжо так гаварылі — толькі па іх досыць частых апісках ды па свяшчэнных кнігах беларускіх татар "Аль-Кітабах", якія пісаліся па-старабеларуску, але арабскім шрыфтам. А арабскі шрыфт мае літары дз і мяккае ц і іншае, і таму дае магчымасць аднавіць фанетыку беларускай мовы ў тыя часы, дае ключ да чытання кніг і рукапісаў, пісаных кірыліцай.

Увогуле ж усходнеславянскія народы пісалі тады амаль аднолькава, хаця гаварылі па-рознаму. Таму аддзяліць нашы тагачасныя літаратуры вельмі цяжка. Хто такія былі славутыя друкары браты Мамонічы, што выдалі ў XVI ст. столькі кніг і для Беларусі і для Украіны? Хто быў Мялеці Сматрыцкі, пісьменнік і грамадскі дзеяч (1572–1630 гг.), што нарадзіўся на Падоллі, а вучыўся і працаваў у Вільні? Гэтага амаль немагчыма вызначыць. Гэта толькі зрэдку ў тыя гады і нават часам пазней можна было вызначыць, што вось друкар-асветнік Францішак Скарына і паэт Сімяон Полацкі — беларусы, а, скажам, Іван Вішанскі — украінец, Пятро Мсціславец — беларус, і, хутчэй за ўсё, або вучань, або вучань вучня Скарыны, а Іван Фёдараў — рускі. Хіба друк з Беларусі не перакінуўся ў дзяржаву Маскоўскую, а адтуль — калі фанатыкі спалілі друкарню Фёдарава і Мсціслаўца — назад, на Беларусь, разам з уцекачамі, а пасля — на Украіну. Хіба палымяная публіцыстыка Вішанскага, яго пякучы сарказм не далятаў на Беларусь, хіба яго тут прагна не чыталі? А хіба Сімяон Полацкі не вучыўся ў Кіева-Магілянскай Акадэміі? Хіба кнігі Скарыны не ведалі на Украіне і ў Расіі?

Нязмерна цяжкiя часы

З цягам часу ўсё больш і больш праяўляюцца дзве плыні. Першая — рост феадальных павіннасцяў і ўрэшце канчатковае заняволенне значная часткі беларускага сялянства… Другая — узмацненне барацьбы між каталіцызмам і праваслаўем на землях беларускіх.

Першае ішло ад таго, што дзяржава рабілася гандлёвай, што ў Заходняй Еўропе бурна развівалася прамысловасць, і там узрастаў попыт на пяньку, лён, хлеб, лес. Магнаты павялічвалі плошчу палёў, патрэбны былі рукі. У 1557 годзе была праведзена рэформа так званай "валочнай памеры". Зямлю падзялілі на "валокі" (21,3 га), за кожнай валокай замацавалі "дым", адну гаспадарку. За карыстанне валокай, адпаведна якасці і колькасці (можна было мець і больш за валоку зямлі), "дым" адрабляў пэўныя павіннасці. На захад пацягнуліся абозы, паплылі караблі з плёнам сялянскіх рук. Раскоша пануючых усё ўзрастала. Ніводны сучасны чалавек не згадзіўся б жыць так, як жыў нейкі там Наваградскі князь у пачатку ХІІІ ст. Вільготныя голыя муры, камяніцы, лавы, укрытыя шкурамі, ложак — рэдкасць, грубыя сталы, некалькі крэслаў, іконы, пара скрыняў, — і што з таго, што на стайні шмат коней, што ў куфрах трапляюцца срэбныя рэчы, што вопратка з каштоўных футраў… А пасля — унутры муроў і веж — палац, у якім сцены абабіты шоўкам, мэбля — аксамітам, вярхі веж — ліставым золатам. На чалавеку парча, пярсцёнкі коштам у гадавую працу вёскі, залатыя ланцугі з медальёнамі, зброя, усыпаная каменнямі, якім няма цаны. За прамысловасць, за ўзбагачэнне, за раскошу плаціць мужык. Але не толькі плаціць, але і паўстае.

…У той жа час пачаліся сутычкі паміж католікамі і праваслаўнымі. Тэўтонскі ордэн усё яшчэ пагражаў, рабіўся мацнейшы. Трэба было шукаць з кімсьці саюзу. Народ, мяшчане, купецтва былі за саюз з Масквой. Блізкія мовы, адна вера. Але Масква ў той час яшчэ плаціла дань татарам. Нават пасля Кулікова поля, аж да "стаяння на Угры" (1480), калі да Івана ІІІ падыходзілі падмацаванні, а да хана Ахмата не падышла падмога ад караля Літвы і польшчы Казіміра ІV, не падышла, дарэчы, таму, што супраць караля ўзняўся бунт беларускіх праваслаўных князёў: дапамогшы Маскве, самі яны паплаціліся галовамі, а край яшчэ больш падпаў пад уплыў каталіцызму.

Дык вось, значная частка магнацтва лічыла, што Масква далёка, а ордэн блізка, і трэба заключыць саюз з Польшчай, а значыць, і прымаць тую самую веру, што там. А тут яшчэ й бунты, змовы, нават буйныя, беларускіх праваслаўных феадалаў (змова М. Глінскага, з узяццем Турава і Мазыра, нападам на Слуцкія і Капыльскія землі — 1506 г.).

Так з Польшчай у замку Крэва ў 1385 г. была заключана унія. Папа падтрымліваў караля Ягайлу і ўзяў з яго слова перавесці ў каталіцтва беларусаў і ўкраінцаў. Унія дапамагла зваліць крыжакаў, але яна ж нарадзіла стагоддзі барацьбы ўкраінцаў і беларусаў з акаталічваннем і была адной з прычын, якая ўрэшце прывяла да заняпаду, а пасля і да падзення Польшчы. Бачыце, як яно ў гісторыі — торгні нават за самую нязначную, здавалася б, нітку, і неадменна яно адгукнецца. Не сёння, дык праз трыста год.

Думка аб уніі, як на добрых людзей, дык была і някепская. Нашто, сапраўды, рэзаць адзін аднаго за тое, што казак Підапрыгара і магілёўскі мешчанін Раман Дзевачка хрысцяцца двума пальцамі, а шляхцюк Пшыпшэцкі — пяццю. Глупства! Але за вонкава добрай ідэяй рэлігійнага міру, — дбаннем ваўкоў, што стаялі над народамі, — людзей паўсюль чакала рабства, зняверанне, страта мовы, прагная лютасць блізкіх і далёкіх суседзяў.

Змаганне было лютае з абодвух бакоў і часам ледзь не пераходзіла ў рэлігійную вайну. І гэта не быў фанатызм. Беларус не фанатык, і нават у той час яго адносіны з небам былі досыць фамільярнымі і іранічна сяброўскімі. Вось дужа старая легенда. Сустрэліся дзве бабы:

— Куды ідзеш, кума?

— Іду ў касцёл закупіць імшу (абедню) на свайго лютара (аспіда, змея, каіна, — маецца на ўвазе муж).

— Ды ты, кума, глядзi не памылiся, не закупi iмшы ў пана Езуса; яны мужыкi, гады, усе аднолькавыя — адзін за аднаго, як цыган за цыгана, цягнуць. Глядзі не памыліся ды закупі імшу ў маці боскай. Яна баба, яна ўсё разумее.

Гэта быў не фанатызм, гэтыя сутычкі і гарадскія бойкі, а абарона чалавечай годнасці.

Грунвальд знішчыў агульнага ворага славян, але ў княстве ўсё і далей ішло па-ранейшаму. Занадта далёка зайшлі. Панства было на тры чвэрці акаталічана, ганарылася "вышэйшай культурай" (а між тым, судзілася, нават у Польшчы, законамі, пісанымі па-беларуску), звала сялян быдлам. Барацьба цягнулася.

Кіраўніцтва гэтай барацьбой узялі на сябе брацтвы. У брацтва плацілі ўзносы і шляхціц і селянін (прычым, унутры брацтва першы не быў вышэй за другога). Яны будавалі друкарні, клапаціліся аб асвеце, заводзілі для дзяцей школы на роднай мове, падтрымлівалі прапаведнікаў і пісьменнікаў, якія стаялі за іх. Так спляліся ў адно эканоміка, рэлігія, мовы (шляхціц-эксплуататар, католік, найчасцей "паляк"; селянін і гараджанін — прыгнечаны, праваслаўны, "беларус"). Але былі праваслаўныя шляхціцы і католікі-сяляне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка