Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

Я ўбачыў, што Кэтрын Барклі ўвайшла ў вестыбюль, і ўстаў. Яна не здавалася высокай, калі ішла мне насустрач, але яна была вельмі прыгожая.

— Добры вечар, містэр Генры, — сказала яна.

— Добры вечар, — сказаў я. Канцылярыст за канторкай прыслухоўваўся.

— Пасядзім тут ці выйдзем у сад?

— Давайце выйдзем. У садзе халадней.

Я пайшоў за ёй да дзвярэй, канцылярыст пазіраў нам услед. Калі мы ішлі ўжо па высыпанай гравіем сцежцы, яна сказала:

— Дзе вы былі?

— Я выязджаў на пасты.

— I вы не маглі папярэдзіць мяне хоць запіскай?

— Не, — сказаў я. — Не атрымалася. Я думаў, што вярнуся тым жа днём.

— I ўсё-ткі трэба было паведаміць мне, мілы.

Мы збочылі з алеі і ішлі па сцежцы над дрэвамі. Я ўзяў яе за руку, затым спыніўся і пацалаваў яе.

— Ці нельга нам пайсці куды-небудзь?

— Не, — сказала яна. — Мы можам гуляць толькі тут. Вас вельмі доўга не было.

— Сёння трэці дзень. Але зараз я вярнуўся.

Яна паглядзела на мяне.

— I вы мяне кахаеце?

— Так.

— Праўда, вы ж казалі, што вы мяне кахаеце?

— Так, — салгаў я. — Я кахаю вас.

Я не казаў гэтага раней.

— I вы будзеце зваць мяне Кэтрын?

— Кэтрын.

Мы прайшлі яшчэ крыху і зноў спыніліся над дрэвам.

— Скажыце: ноччу я вярнуўся да Кэтрын.

— Ноччу я вярнуўся да Кэтрын.

— Мілы, вы ж вярнуліся, праўда?

— Так.

— Я вас так кахаю, і гэта было так страшна. Вы больш не паедзеце?

— Не, я заўсёды буду вяртацца.

— Я так вас кахаю. Пакладзіце зноў руку сюды.

— Яна ўвесь час тут.

Я павярнуў яе да сябе, мне стаў відаць яе твар, калі я цалаваў яе, і я ўбачыў, што яе вочы заплюшчаны. Я пацалаваў яе ў заплюшчаныя вочы. Я вырашыў, што яна, відаць, крыху не ў сабе. Але хіба не ўсё адно? Я не думаў пра тое, чым гэта можа скончыцца. Гэта было лепей, чым кожны вечар хадзіць у афіцэрскі публічны дом, дзе дзеўкі вешаюцца вам на шыю і ў адзнаку сваёй прыхільнасці, у прамежках паміж падарожжамі наверх з іншымі афіцэрамі, адзяваюць ваша кепі задам наперад. Я ведаў, што не люблю Кэтрын Барклі, і не збіраюся яе кахаць. Гэта была гульня, як брыдж, толькі замест карт былі словы. Як у брыджы, трэба было рабіць выгляд, што гуляеш на грошы альбо яшчэ на нешта. Пра тое, на што ішла гульня, не гаварылася ні слова. Але мне было ўсё роўна.

— Куды б нам пайсці, — сказаў я. Як кожны мужчына, я не ўмеў доўга заляцацца стоячы.

— Няма куды, — сказала яна. Яна вярнулася на зямлю з таго свету, у якім знаходзілася.

— Пасядзім крыху тут.

Мы селі на пляскатую каменную лаву, і я ўзяў Кэтрын Барклі за руку. Яна не дазволіла мне абняць яе.

— Вы вельмі стаміліся? — спытала яна.

— Не.

Яна пазірала ўніз, на траву.

— Дрэнную гульню мы з вамі распачалі.

— Якую гульню?

— Не прытварайцеся дурнем.

— Я і не думаю.

— Вы слаўны, — сказала яна, — і вы імкняцеся іграць як мага лепей. Але гульня ўсё адно кепская.

— Вы заўсёды адгадваеце чужыя думкі?

— Не заўсёды. Але вашы я ведаю. Вам няма сэнсу прытварацца, што вы мяне кахаеце. На сённяшні дзень з гэтым скончана. Пра што вы хацелі б зараз пагаварыць?

— Але я на самай справе кахаю вас.

— Ведаеце што, давайце не будзем хлусіць, калі ў гэтым няма патрэбы. Вы вельмі добра правялі сваю ролю, і зараз усё добра. Я ж не зусім вар'ятка. На мяне калі і находзіць, то толькі крыху і ненадоўга.

Я сціснуў яе руку.

— Кэтрын, дарагая...

— Як смешна гэта зараз гучыць: «Кэтрын». Вы не заўсёды аднолькава гэта прамаўляеце. Але вы вельмі слаўны. Вы вельмі добры, вельмі.

— Гэтак гаворыць і наш святар.

— Так, вы добры. I вы будзеце наведваць мяне?

— Вядома.

— I вам няма патрэбы гаварыць, што вы кахаеце мяне. З гэтым пакуль што скончана. — Яна ўстала і падала мне руку. — Дабранач.

Я хацеў пацалаваць яе.

— Не, — сказала яна. — Я дужа стамілася.

— I ўсё-ткі пацалуйце мяне, — сказаў я.

— Я страшэнна стамілася, мілы.

— Пацалуйце мяне.

— Вам вельмі хочацца?

— Вельмі.

Мы пацалаваліся, але яна раптам вырвалася.

— Не трэба. Дабранач, мілы.

Мы дайшлі да дзвярэй, і я ўбачыў, як яна пераступіла парог і пайшла па вестыбюлі. Мне падабалася сачыць за яе рукамі. Яна схавалася ў калідоры. Я пайшоў дамоў. Ноч была душная, і ў гарах не сціхала ні на хвіліну. Былі бачны ўспышкі на Сан-Габрыеле.

Ля «Віла-Роса» я спыніўся. Аканіцы былі зачынены, але ўсярэдзіне яшчэ шумелі. Нехта спяваў. Я пайшоў у свой пакой. Рынальдзі ўвайшоў, калі я распранаўся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка