Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Вядома.

— Як вашы ногі?

— Баляць.

На світанні мы дабраліся да берага Тальямента і пайшлі ўздоўж набухлай ракі да моста, на якім ішла пераправа.

— Павінны былі б затрымацца на гэтай рацэ, — сказаў Піані. У змроку здавалася, што рака вельмі моцна набухла. Вада бурліла, і рэчышча нібыта пашыралася. Драўляны мост быў удаўжыню амаль тры чвэрці мілі, і рака, якая звычайна вузкімі пратокамі бегла ў глыбіні па шырокім камяністым дне, паднялася зараз амаль да сёмага драўлянага насцілу. Мы прайшлі па беразе і змяшаліся з натоўпам, які пераходзіў раку. Паволі ідучы пад дажджом, за некалькі футаў ад набухлай ракі, моцна заціснуты ў натоўпе, ледзь не спатыкаючыся на зарадную скрынку спераду, я глядзеў на раку. Зараз, калі давялося раўняць свой крок з чужымі, я адчуў моцную стомленасць. Падчас пераходу ракі ажыўлення не было. Я падумаў, што было б, калі б днём сюды скінуў бомбу самалёт.

— Піані! — сказаў я.

— Я тут, tenente. — У натоўпе і мітусні ён крыху адарваўся ад мяне. Ніхто не размаўляў. Кожны імкнуўся перайсці як мага хутчэй, думаў толькі пра гэта. Мы ўжо амаль перайшлі. У канцы моста, з абодвух бакоў, з ліхтарамі стаялі афіцэры і карабінеры. Іх сілуэты чарнелі на фоне неба. Калі мы падышлі бліжэй, я ўбачыў, як адзін афіцэр паказаў на нейкага чалавека ў калоне. Карабінер пайшоў па яго і вярнуўся, трымаючы яго за плячо. Ён павёў яго ад дарогі. Мы амаль параўняліся з афіцэрамі. Яны ўзіраліся ў кожнага, хто ішоў у калоне, часам перагаворваліся адзін з адным, выступаючы наперад, каб асвятліць ліхтаром чый-небудзь твар. Яшчэ аднаго ўзялі якраз перад тым, як мы параўняліся з імі. Гэта быў падпалкоўнік. Я бачыў зорачкі на рукаве, калі яго асвятлілі ліхтаром. У яго былі сівыя валасы, ён быў нізенькі і тоўсты. Карабінеры пацягнулі яго ўбок ад моста. Калі мы параўняліся з афіцэрамі, я ўбачыў, што яны глядзяць на мяне. Пасля адзін паказаў на мяне і нешта сказаў карабінеру. Я ўбачыў, што карабінер кіруецца ў мой бок, штурхаючыся ў крайніх радах калоны, затым я адчуў, што ён схапіў мяне за каўнер.

— Што такое? — спытаў я і ўдарыў яго ў твар. Я ўбачыў яго твар над капелюшом, падкручаныя ўгару вусы і кроў, якая цякла па шчацэ. Яшчэ адзін нырнуў у натоўп і ціснуўся да нас.

— Што такое? — спытаў я. Ён не адказваў. Ён выбіраў момант, рыхтуючыся схапіць мяне. Я сунуў руку за спіну, каб дастаць пісталет. — Ты што, не ведаеш, што не маеш права чапаць афіцэра?

Другі схапіў мяне ззаду і тузануў маю руку так, што ледзь не вывіхнуў яе. Я павярнуўся да яго, і тут першы абхапіў мяне за шыю. Я біў яго нагамі і левым каленам трапіў яму ў пах.

— У выпадку супраціўлення страляйце, — сказаў афіцэр. — Адвядзіце яго.

— Хто вы такія?

— Палявая жандармерыя, — сказаў другі афіцэр.

— Чаму ж вы не папрасілі мяне падысці, замест таго, каб напускаць на мяне гэтыя самалёты?

Яны не адказалі. Яны не абавязаны былі адказваць. Яны былі — палявая жандармерыя.

— Адвядзіце яго туды, дзе ўсе іншыя, — сказаў першы афіцэр. — Чуеце, ён гаворыць па-італьянску з акцэнтам.

— З такім жа, як і ты, сволач, — сказаў я.

— Адвядзіце яго туды, дзе іншыя, — сказаў першы афіцэр.

Мяне павялі міма афіцэраў на адкрытае месца на беразе ракі, дзе стаяла групка людзей. Калі мы ішлі, у тым баку пачуліся стрэлы. Я бачыў успышкі і чуў залп. Мы падышлі. Чатыры афіцэры стаялі побач, і перад імі, паміж двух карабінераў, нейкі чалавек. Крыху далей група людзей пад аховай карабінераў чакала допыту. Яшчэ чатыры карабінеры стаялі каля афіцэраў, якія вялі допыт. Гэтыя карабінеры былі ў шыракаполых капелюшах. Двое, што прывялі мяне, падштурхнулі мяне да групы, якая чакала допыту. Я паглядзеў на чалавека, якога дапытвалі. Гэта быў маленькі тоўсты сівы чалавек, якога ўзялі ў калоне. Афіцэры вялі допыт з усёй дзелавітасцю, халоднасцю і самавалоданнем італьянцаў, якія страляюць, не баючыся выстралаў у адказ.

— З якой брыгады? Ён сказаў.

— З якога палка? Ён сказаў.

— Чаму вы не са сваім палком? Ён сказаў.

— Вам вядома, што афіцэр павінен знаходзіцца ў сваёй часці?

Яму было вядома.

Больш пытанняў не было. Загаварыў другі афіцэр.

— З-за вас і падобных да вас варвары ўварваліся на тэрыторыю свяшчэннай айчыны.

— Дазвольце, — сказаў падпалкоўнік.

— Здрада накшталт вашай забрала ў нас вынікі перамогі.

— Вам калі-небудзь даводзілася адступаць? — спытаў падпалкоўнік.

— Італьянцы не павінны адступаць.

Мы стаялі пад дажджом і ўсё гэта слухалі. Мы стаялі насупраць афіцэраў, а арыштаваны спераду ад нас і крыху збоку.

— Калі вы хочаце расстраляць мяне, — сказаў падпалкоўнік, — прашу вас, расстраляйце адразу, без далейшага допыту. Гэты допыт недарэчны. — Ён перахрысціўся. Афіцэры загаварылі між сабой. Адзін напісаў нешта на лісціку з блакнота.

— Кінуў сваю часць, варты расстрэлу, — сказаў ён.

Два карабінеры павялі падпалкоўніка на бераг. Ён ішоў под дажджом, стары з непакрытай галавой, між двух карабінераў. Я не глядзеў, як яго расстрэльвалі, але я чуў залп. Яны вялі допыт наступнага. Гэта таксама быў афіцэр, які адбіўся ад сваёй часці. Яму не дазволілі даць тлумачэнне. Ён плакаў, калі чыталі прысуд, напісаны на лістку з блакнота, а яны ўжо вялі допыт наступнага, калі першага расстрэльвалі. Яны увесь час спяшаліся пачаць допыт наступнага, пакуль таго, каго толькі што дапытвалі, расстрэльвалі ля ракі. Было відавочна, што яны тут ужо нічога не могуць зрабіць. Я не ведаў, чакаць мне допыту ці паспрабаваць збегчы. Было відавочна, што я немец у італьянскім мундзіры. Я ўявіў, як працуе іхняя думка, калі ў іх была думка і калі яна працавала. Гэта былі маладыя людзі, і яны ратавалі радзіму. Другая армія занава фарміравалася ля Тальямента. Яны расстрэльвалі афіцэраў у чыне маёра і вышэй, якія адбіліся ад сваіх часцей. Заадно яны распраўляліся з нямецкімі агітатарамі ў італьянскіх мундзірах. Яны былі ў стальных касках. Некалькі карабінераў былі таксама ў касках. Іншыя карабінеры былі ў шыракаполых капелюшах. Самалёты — так называлі іх у нас. Мы стаялі пад дажджом, і нас па адным выводзілі на допыт і на расстрэл. Ніводзін не пазбег расстрэлу. Яны вялі допыт з непаўторнай абыякавасцю і законапаслухмянствам, са стараннем людзей, якія распараджаюцца чужым жыццём, у той час, калі іх уласнаму жыццю нічога не пагражае. Зараз яны дапытвалі палкоўніка лінейнага палка. Толькі што прывялі яшчэ трох афіцэраў.

— Дзе ваш полк?

Я зірнуў на карабінераў. Яны глядзелі на новых арыштаваных. Астатнія глядзелі на палкоўніка. Я нырнуў, праскочыў між двух канвойных і пабег да ракі, прыгнуўшы галаву. Ля самага берага я спатыкнуўся і з моцным усплёскам сарваўся ў ваду. Вада была вельмі халодная, і я заставаўся пад ёй, колькі мог вытрымаць. Я адчуваў, як мяне зносіць цячэнне, і я заставаўся пад вадой да таго часу, пакуль мне не здалося, што я ўжо не здолею выплысці. Я ўсплыў на паверхню, уздыхнуў і зноў нырнуў. У поўнай форме і чаравіках няцяжка было заставацца пад вадой. Калі я ўсплыў другі раз, я ўбачыў перад сабой бервяно, і дагнаў яго, і схапіўся за яго адной рукой. Я схаваў за ім галаву і нават не спрабаваў выглянуць. Я не хацеў бачыць бераг. Я чуў стрэлы, калі бег і калі ўсплыў першы раз. Гук іх даносіўся да мяне, калі я плыў пад самай паверхняй вады. Зараз стрэлаў не было. Бервяно калыхалася на вадзе, і я трымаўся за яго адной рукой. Я зірнуў на бераг. Здавалася, ён вельмі хутка адыходзіў назад. Па рацэ плыло шмат лесу. Вада была вельмі халодная. Мы мінулі астравок, зарослы кустамі. Я схапіўся за бервяно абедзвюма рукамі, і яно панесла мяне па цячэнні. Берага я зараз не бачыў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка