Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Чатырохсотдваццаціміліметровая альбо мінамёт, — сказаў Гавуцы.

— У гарах такога калібра не бывае, — сказаў я.

— У іх ёсць гарматы Шкода. Я бачыў варонкі.

— Трохсотпяціміліметровыя.

Мы елі далей. Пачуўся кашаль, шыпенне, як падчас запуску паравоза, і затым выбух, ад якога зноў задрыжала зямля.

— Бліндаж не надта глыбокі, — сказаў Пасіні.

— А вось гэта, відаць, мінамёт.

— Ага.

Я адкусіў ад свайго сыру і глынуў віна. Сярод шуму я пачуў кашаль, затым пачулася: чух-чух-чух-чух, пасля нешта бліснула, нібыта адчынілі насцеж ляток домны, і гул, спачатку белы, пасля ўсё больш чырвоны, яшчэ чырванейшы ў імклівай віхуры. Я паспрабаваў уздыхнуць, але дыхання не было, і я адчуў, што вырваўся з самога сябе і лячу, і лячу, і лячу, падхоплены віхурай. Я вылецеў хутка ўвесь да дна, і я ведаў, што я мёртвы і што дарэмна думаюць, нібыта паміраеш і ўсё. Затым я паплыў у паветры, але замест таго, каб пасоўвацца наперад, слізгаў назад. Я ўздыхнуў і зразумеў, што вярнуўся ў сябе. Зямля была разрытая, і ля самай маёй галавы ляжала расшчэпленая драўляная бэлька. Галава мая траслася, і я раптам пачуў нечы плач. Затым нібыта нехта закрычаў. Я хацеў паварушыцца, але я не мог паварушыцца. Я чуў кулямётную і ружэйную стральбу за ракой і па ўсёй рацэ. Пачуўся рэзкі ўсплёск, і я ўбачыў, як узляцелі асвятляльныя снарады, і выбухнулі, і залілі ўсё белым святлом і як узляцелі ракеты, і пачуў разрывы мін, і ўсё гэта за адно імгненне, і затым я пачуў, як зусім побач нехта сказаў: «Mamma mia!16 О, mamma mia!» Я пачаў выцягвацца і выгінацца, і нарэшце вызваліў ногі, і павярнуўся, і дакрануўся да яго. Гэта быў Пасіні, і, калі я да яго дакрануўся, ён закрычаў. Ён ляжаў нагамі да мяне, і ў час кароткіх успышак святла мне было відаць, што абедзве нагі ў яго раструшчаны вышэй каленяў. Адну адарвала зусім, а другая вісела на сухажыллі і лахмоцці калашыны, і абрубак курчыўся і турзаўся, нібыта сам па сабе. Ён закусіў сваю руку і стагнаў: «Dio te salve, Maria17. Dio te salve, Maria. О Icyc, дай мне памерці! Хрыстос, дай мне памерці, mamma mia, mamma mia! Прачыстая Дзева Марыя, дай мне памерці. Не магу я. Не магу. Не магу. О Icyc, Прачыстая Дзева, не магу. О-о-о-о!» Пасля, задыхаючыся: «Mamma, mamma mia!» Затым ён сціх, кусаючы сваю руку, а абрубак усё тузаўся.

— Portaferiti!18 — закрычаў я, склаўшы далоні. — Portaferiti! — Я хацеў падпаўзці да Пасіні, каб налажыць на ягоныя ногі турнікет, але я не мог скрануцца з месца. Я паспрабаваў яшчэ раз, і мае ногі крыху зрушыліся. Зараз я мог падцягвацца на локцях. Пасіні не было чуваць. Я сеў побач з ім, расшпіліў свой фрэнч і паспрабаваў адарваць падол сарочкі. Тканіна не паддавалася, і я надарваў край зубамі. Тут я ўспомніў пра ягоныя абмоткі. На мне былі шкарпэткі з воўны, а Пасіні хадзіў у абмотках. Усе шафёры хадзілі ў абмотках. Але ў Пасіні заставалася толькі адна нага. Я знайшоў канец абмоткі, але, раскручваючы, я ўбачыў, што не варта накладваць турнікет, бо ён ужо мёртвы. Я праверыў і пераканаўся, што ён мёртвы. Трэба было высветліць, што з трыма астатнімі. Я сеў, і ў гэты час нешта хіснулася ў маёй галаве, як гірка ад вачэй лялькі, і ўдарыла мяне знутры па вачах. Нагам стала цёпла і мокра, і чаравікі сталі цёплыя і мокрыя ўнутры. Я зразумеў, што паранены, і нахіліўся, і паклаў руку на калена. Калена не было. Мая рука слізганула далей, і калена было там, вывернутае набок. Я выцер рукі аб сарочку, і аднекуль зноў пачало разлівацца белае святло, і я паглядзеў на сваю нагу, і мне стала вельмі страшна. «Божухна, — сказаў я, — вызвалі мяне адсюль!» Але я ведаў, што павінны быць яшчэ трое. Нехта падхапіў мяне над пахі, і яшчэ нехта пачаў падымаць мае ногі.

— Павінны быць яшчэ трое, — сказаў я. — Адзін забіты.

— Гэта я, Маньера. Мы хадзілі па насілкі, але не знайшлі. Як вы, tenente?

— Дзе Гардзіні і Гавуцы?

— Гардзіні на пункце, яму робяць перавязку. Гавуцы трымае вашы ногі. Вазьміце мяне за шыю, tenente. Вы цяжка паранены?

— У нагу. А што з Гардзіні?

— Добра яшчэ абышлося. Гэта была міна. Снарад з мінамёта.

— Пасіні забіты.

— Так. Забіты.

Побач разарваўся снарад, і яны абодва ўпалі на зямлю і кінулі мяне.

— Даруйце, tenente, — сказаў Маньера. — Трымайцеся за маю шыю.

— Вы мяне зноў кінеце.

— Гэта з перапалоху.

— Вы не паранены?

— Паранены абодва, але лёгка.

— Гардзіні здолее весці машыну?

— Наўрад.

Пакуль мы дабраліся да пункта, яны выпусцілі мяне яшчэ раз.

— Сволачы! — сказаў я.

— Даруйце, tenente, — сказаў Маньера. — Больш не будзем.

У цемры ля перавязачнага пункта на зямлі ляжала шмат параненых. Санітары ўваходзілі і выходзілі з насілкамі. Калі яны, ідучы, падымалі занавеску, мне было бачна святло, што гарэла ўнутры. Мёртвыя былі складзены збоку. Дактары працавалі з закасанымі рукавамі і былі чырвоныя, як мяснікі. Насілак не хапала. Некаторыя параненыя стагналі, але большасць ляжала ціха. Вецер шавяліў лісце галін навесу над уваходам, і ноч станавілася халоднай. Увесь час падыходзілі санітары, ставілі насілкі на зямлю, вызвалялі іх і ішлі зноў. Калі мы дабраліся да пункта, Маньера прывёў фельчара, і ён наклаў мне павязку на абедзве нагі. Ён сказаў, што страта крыві нязначная дзякуючы таму, што шмат гразі набілася ў рану. Як толькі з'явіцца магчымасць, мяне возьмуць на аперацыю. Ён вярнуўся ў памяшканне пункта. Гардзіні весці машыну не можа, сказаў Маньера. У яго раздроблена плячо і разбіта галава. Спачатку ён не адчуваў болю, але зараз плячо ў яго знямела. Ён сядзіць там ля цаглянай сцяны. Маньера і Гавуцы пагрузілі ў свае машыны параненых і паехалі. Ім раненне не перашкаджала. З'явіліся тры англійскія машыны з двума санітарамі на кожнай. Да мяне падышоў адзін з англійскіх шафёраў, яго прывёў Гардзіні, які быў вельмі бледны і меў надта благі выгляд. Шафёр схіліўся да мяне.

— Вы цяжка паранены? — спытаў ён. Гэта быў высокі чалавек, у стальных акулярах.

— Абедзве нагі.

— Спадзяюся, несур'ёзна. Хочаце цыгарэту?

— Дзякуй.

— Я чуў, што вы страцілі двух шафёраў?

— Так. Адзін забіты, другі — той, хто прывёў вас.

— Справа дрэнь. Mo нам узяць іхнія машыны?

— Я якраз хацеў папрасіць вас пра гэта.

— Яны будуць у нас у парадку, а пасля мы іх вам аддадзім. Вы ж з дзвесце шостага?

— Ага.

— Добрае там у вас месца. Я вас бачыў у горадзе. Мне сказалі, што вы амерыканец.

— Так, амерыканец.

— А я англічанін.

— Няўжо?

— Праўда, англічанін. А вы думалі — італьянец? У нас у адным атрадзе ёсць італьянцы.

— Вельмі добра, што вы возьмеце нашы машыны.

— Мы аддадзім іх у поўным парадку. — Ён выпрастаўся. — Ваш шафёр вельмі прасіў мяне дамовіцца з вамі. — Ён паляпаў Гардзіні па плячы. Гардзіні здрыгануўся і ўсміхнуўся. Англічанін свабодна і лёгка пачаў гаварыць па-італьянску.

— Ну, усё добра, я дамовіўся з тваім tenente. Мы бяром абедзве вашы машыны. Зараз табе не трэба хвалявацца. — Ён перапыніў сябе. — Трэба яшчэ дабіцца, каб вас выцягнулі адсюль. Я зараз пагавару з дактарамі. Мы возьмем вас з сабой, калі паедзем.

Ён накіраваўся да ўваходу, асцярожна ступаючы паміж параненымі. Я ўбачыў, як паднялася коўдра, якой быў завешаны ўваход, стала бачна святло, і ён увайшоў туды.

— Ён паклапоціцца пра вас, tenente, — сказаў Гардзіні.

— Як вы сябе адчуваеце, Франка?

— Нічога.

Ён сеў побач са мной. У гэты час коўдра, якой быў завешаны ўваход на пункт, адхінулася, і адтуль выйшлі два санітары і з імі высокі англічанін. Ён падвёў іх да мяне.

— Вось амерыканскі tenente, — сказаў ён па-італьянску.

— Я магу пачакаць, — сказаў я. — Тут ёсць больш цяжкія параненыя. Мне не так блага.

— Ну, ну, добра, — сказаў ён, — не трэба строіць з сябе героя. — Затым па-італьянску: — Падымайце асцярожна, асабліва ногі. Яму вельмі баліць. Гэта законны сын прэзідэнта Вільсана.

Яны паднялі мяне і ўнеслі ў памяшканне пункта. На ўсіх сталах ішлі аперацыі. Маленькі галоўны ўрач сурова азірнуўся на нас. Ён пазнаў мяне і памахаў мне шчыпцамі:

— Са va bien?19

— Са va20.

— Гэта я яго прынёс, — сказаў высокі англічанін па-італьянску. — Адзіны сын амерыканскага пасла. Ён паляжыць тут, пакуль вы ім зоймецеся. А пасля я першым рэйсам адвязу яго. — Ён схіліўся да мяне. Я пагляджу, каб вам выправілі дакументы, тады справа пойдзе хутчэй. — Ён нагнуўся, каб прайсці ў дзвярах, і выйшаў. Галоўны ўрач развёў шчыпцы і кінуў іх у таз. Я назіраў за яго рухамі. Зараз ён накладваў павязку. Пасля санітары знялі параненага са стала.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка