Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Ага, — сказаў ён, — справа ладзіцца. Бэбі збянтэжаны.

— Дзе вы былі?

— На «Віла-Роса». Вельмі карысна для душы, бэбі. Мы спявалі хорам. А дзе былі вы?

— Заходзіў да англічан.

— Дзякуй Богу, што я не зблытаўся з англічанамі.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

На наступны дзень, калі вяртаўся з першага горнага паста, я спыніў машыну ля smistimento12, дзе параненыя і хворыя размяркоўваліся згодна з іхнімі дакументамі і на дакументах рабілі адзнаку аб накіраванні ў той ці іншы шпіталь. Я сам вёў машыну і застаўся ў ёй, а шафёр панёс дакументы для адзнакі. Дзень быў гарачы, і неба было надта блакітнае і яркае, а дарога белая і пыльная. Я сядзеў на высокім сядзенні фіата і ні аб чым не думаў. Міма па дарозе ішоў полк, і я пазіраў, як крочаць шарэнгі. Людзі былі стомленыя і спацелыя. Некаторыя былі ў стальных касках, але большасць несла іх прычэпленымі да ранцаў. Для многіх каскі былі надта вялікія і амаль закрывалі вушы. Афіцэры ўсе былі ў касках, але падабраных па памерах. Гэта была частка брыгады Базіліката. Я пазнаў іхнія паласатыя, чырвоныя з белым, пятліцы. Полк ужо даўно прайшоў, але міма ўсё яшчэ валакліся адсталыя, — тыя, хто не меў сілы крочыць у нагу са сваім аддзяленнем. Яны былі стомленыя, спацелыя, запыленыя. Некаторыя здаваліся зусім хворымі. Калі апошні адсталы прайшоў, на дарозе з'явіўся яшчэ адзін салдат. Ён пакульгваў. Ён спыніўся і сеў ля дарогі. Я вылез і падышоў да яго.

— Што з вамі?

Ён паглядзеў на мяне і ўстаў.

— Я ўжо іду.

— А ў чым справа?

— Усё вайна, ну яе да...

— Што з вашай нагой?

— Справа не ў назе. У мяне грыжа.

— Чаму ж вы ідзяце пешкі? — спытаў я. — Чаму вы не ў шпіталі?

— Не пускаюць. Лейтэнант кажа, што я знарок скінуў бандаж.

— Пакажыце мне.

— Яна выйшла.

— З якога боку?

— Вось тут.

Я памацаў ягоны жывот.

— Кашляніце, — сказаў я.

— Каб ад гэтага не стала горай. Яна ўжо і так у два разы большая, чым раніцай.

— Сядайце ў машыну, — сказаў я. — Калі паперы маіх параненых будуць гатовыя, я сам адвязу вас і здам у вашу санітарную часць.

— Ён скажа, што я знарок.

— Тут яны не змогуць прыдрацца, — сказаў я. — Гэта не рана. У вас жа было гэта і раней?

— Але я згубіў бандаж.

— Вас накіруюць у шпіталь.

— А ці нельга мне застацца з вамі, tenente?

— Не, у мяне няма на вас дакументаў.

У дзвярах з'явіўся шафёр з дакументамі параненых, якіх мы везлі.

— Чацвярых у сто пяты. Дваіх у сто трыццаць другі, — сказаў ён. Гэта былі шпіталі на другім беразе.

— Сядайце за руль, — сказаў я.

Я дапамог салдату з грыжай залезці на сядзенне побач з намі.

— Вы размаўляеце па-англійску? — спытаў я.

— Так.

— Што вы скажаце пра гэту праклятую вайну?

— Брыдота.

— Дзіўна, калі б іначай. Сапраўдная брыдота.

— Вы былі ў Штатах?

— Быў. У Пітсбургу. Я здагадаўся, што вы амерыканец.

— Хіба я дрэнна размаўляю па-італьянску?

— Я адразу здагадаўся, што вы амерыканец.

— Яшчэ адзін амерыканец, — сказаў шафер па-італьянску, зірнуўшы на салдата з грыжай.

— Паслухайце, лейтэнант. Вы абавязкова павінны даставіць мяне ў полк?

— Так.

— Справа ў тым, што старшы доктар ведае пра маю грыжу. Я да д'ябла выкінуў бандаж, каб мне стала горай і не давялося зноў ісці на перадавую.

— Разумею.

— Мо вы адвезяце мяне ў іншае месца?

— Калі б мы былі бліжэй да фронта, я мог бы здаць вас на першы медыцынскі пункт. Але тут, у тыле, нельга без дакументаў.

— Калі я вярнуся, мне зробяць аперацыю, а пасля ўвесь час будуць трымаць на перадавой.

Я падумаў.

— Вы хацелі б увесь час тырчаць на перадавой? — спытаў ён.

— Не.

— Д'ябал! — сказаў ён. — Якая гідкая гэтая вайна.

— Паслухайце, — сказаў я. — Выйдзіце з машыны, упадзіце і набіце сабе шышку на галаве, а я на зваротным шляху забяру вас і адвязу ў шпіталь. Мы на хвіліну спынімся, Альда.

Мы з'ехалі на абочыну і спыніліся. Я дапамог яму вылезці.

— Тут вы мяне і знойдзеце, лейтэнант, — сказаў ён.

— Да сустрэчы, — сказаў я. Мы паехалі далей і абагналі полк прыблізна праз мілю, затым пераправіліся цераз раку, каламутную ад расталага снегу і рухавую ля бакоў моста, і па дарозе, якая перасякае раўніну, дабраліся да шпіталяў, дзе трэба было здаць параненых. На зваротным шляху я сам сядзеў за рулём і хутка гнаў пустую машыну туды, дзе сядзеў салдат з Пітсбурга. Спачатку мы мінулі полк, які рухаўся марудна і быў яшчэ больш стомлены; затым адсталых. Пасля мы ўбачылі пасярод дарогі санітарны фургон. Два салдаты падымалі салдата з грыжай. Яны вярнуліся па яго. Калі ўбачыў мяне, ён пакруціў галавой. Ягоная каска звалілася, і лоб, ля самых валасоў, быў скрываўлены. На носе была абадраная скура, і на крывавую драпіну наліп пыл, і ў валасах таксама быў пыл.

— Зірніце, якая шышка, лейтэнант, — гукнуў ён. — Але нічога не зробіш. Яны вярнуліся па мяне.

Калі я вярнуўся на вілу, было пяць гадзін, і я пайшоў туды, дзе мылі машыны, каб стаць пад душ. Затым я складаў рапарт, седзячы ў сваім пакоі ля адчыненага акна, у штанах і кашулі. Наступленне было прызначана на паслязаўтра, і я мусіў выехаць са сваімі машынамі ў Плаву. Ужо даўно я не пісаў у Штаты, і я ведаў, што трэба напісаць, але гэтулькі часу адкладваў, што зараз пісаць было ўжо амаль немагчыма. Не было пра што пісаць. Я адправіў некалькі паштовак Zona di Guerra13, выкрасліўшы з тэкста ўсё, акрамя «я жывы і здаровы». Так хутчэй дойдуць. Гэтыя паштоўкі вельмі спадабаюцца ў Амерыцы — нязвыклыя і таямнічыя. Нязвыклай і таямнічай была вайна ў гэтай зоне, але мне яна здавалася добра абмазгаванай і жорсткай у параўнанні з іншымі войнамі, якія былі скіраваныя супраць аўстрыйцаў. Аўстрыйская армія была створана дзеля перамог Напалеона — любога Напалеона. Добра, каб і ў нас быў Напалеон, але ў нас быў толькі Il generale Cadorna, тлусты і самазадаволены, і Vittorio-Emmanuele, маленькі чалавек з худой доўгай шыяй і казлінай бародкай. У правабярэжнай арміі быў герцаг Аоста. Бадай, ён быў занадта прыгожы для вялікага палкаводца, але ў яго быў воблік сапраўднага мужчыны. Многія хацелі б, каб ён быў каралём. Ён меў знешнасць караля. Ён быў дзядзькам караля і камандаваў трэцяй арміяй. Мы былі ў другой apміі. У трэцяй арміі было некалькі англійскіх батарэй. У Мілане я пазнаёміўся з двума англійскімі артылерыстамі адтуль. Яны былі вельмі мілыя, і мы выдатна правялі вечар. Яны былі рослыя і сарамлівыя, і ўсё іх бянтэжыла і адначасова падабалася. Лепш, каб я служыў у англійскай арміі. Усё было б прасцей. Але я, відаць, загінуў бы. Ну, у санітарным атрадзе, напэўна, не. Не, нават і ў санітарным атрадзе. Здаралася, і шафёры англійскіх санітарных машын гінулі. Але я ведаў, што не загіну. Гэтай вайной не. Яна не мела да мяне ніякіх адносін. Мне яна здавалася не больш небяспечнай, чым вайна ў кіно. Усё-ткі я шчыра хацеў, каб вайна скончылася. Мо гэтым летам будзе канец. Мо аўстрыйцаў паб'юць. Іх заўсёды білі ў ранейшых войнах. А што асаблівага ў гэтай вайне? Усе гавораць, што французы выдыхнуліся. Рынальдзі расказваў, што французскія салдаты ўзбунтаваліся і войскі пайшлі на Парыж. Я спытаў у яго, што ж было далей, і ён сказаў: «Ну, іх спынілі». Мне хацелася пабываць у Аўстрыі без усялякай вайны. Мне хацелася пабываць у Шварцвальдзе. Мне хацелася пабываць на Гарцы. А дзе гэта Гарц, між іншым? Зараз баі вяліся ў Карпатах. Туды мне не хацелася. Хоць, бадай, і гэта было б няблага. Калі б не было вайны, я мог бы паехаць у Іспанію. Сонца ўжо заходзіла і дзень астываў. Пасля вячэры я паеду да Кэтрын Барклі. Мне хацелася, каб яна зараз была тут са мной. Мне хацелася, каб мы разам былі ў Мілане. Добра было б павячэраць у «Кова» і пасля душным вечарам прайсціся па Віа-Манцоні, і перайсці цераз мост, і пайсці ўздоўж канала, і зайсці ў гатэль з Кэтрын Барклі. Мо яна пайшла б. Мо яна ўявіла б сабе, што я — той афіцэр, якога забілі на Соме, і вось мы ўваходзім у галоўны пад'езд і швейцар здымае фуражку і я спыняюся ля канторкі парцье спытаць ключ і яна чакае ля ліфта і пасля мы ўваходзім у кабіну ліфта і ён паўзе ўгару вельмі марудна пазвоньваючы на кожным паверсе а затым і наш наверх і хлапчук-ліфцёр адчыняе дзверы і яна выходзіць і выходжу я і мы ідзём па калідоры і я ключом адмыкаю дзверы і ўваходжу і пасля здымаю трубку тэлефона і прашу каб прыняслі бутэльку капры б'янка ў сярэбраным вядзерцы поўным лёду і чуваць як лёд звініць у вядзерцы ўсё бліжэй па калідору і хлапчук стукаецца і я кажу пастаўце калі ласка ля дзвярэй. Таму што мы ўсё з сябе скінулі таму што вельмі горача і акно разнасцежана і ластаўкі лятаюць над стрэхамі дамоў і калі ўжо зусім сцямнее і падыйдзеш да акна маленькія кажаны носяцца над дамамі і над вершалінамі дрэў і мы п'ём капры і дзверы замкнёныя і так горача і толькі прасціна і цэлая ноч і мы ўсю ноч кахаем адно аднаго гарачай ноччу ў Мілане. Я хутка павячэраю і пайду да Кэтрын Барклі.

За сталом было занадта шмат размоў, і я піў віно, бо сёння вечарам мы не былі б братамі, калі б я крыху не выпіў, і я размаўляў са святаром пра архіепіскапа Айрленда, відаць, вельмі дастойнага чалавека, пра яго несправядлівы лес, пра несправядлівасці ў адносінах да яго, у якіх я, як амерыканец, быў часткова вінаваты, і пра якія я наогул нічога не ведаў, але рабіў выгляд, што мне ўсё гэта выдатна вядома. Было б няветліва нічога пра гэта не ведаць, выслухаўшы гэткае бліскучае вытлумачэнне сутнасці ўсёй справы, у рэшце рэшт, відаць, заснаванага на непаразуменні. Я знайшоў, што ў яго вельмі прыгожае імя, і да таго ж ён быў родам з Мінесоты, такім чынам імя атрымлівалася на самай справе выдатнае: Айрленд Мінесоцкі, Айрленд Віскансінскі, Айрленд Мічыганскі. Не, справа не ў тым. Тут справа значна глыбейшая. Так, ойча мой. Праўда, ойча мой. Магчыма, ойча мой. Не, ойча мой. Ну, што ж, можа быць, і так, ойча мой. Вам лепей ведаць, ойча мой. Святар быў добры, але занудлівы. Афіцэры былі нядобрыя, але занудлівыя. Кароль быў добры, але занудлівы. Віно было дрэннае, але не занудлівае. Яно здымала з зубоў эмаль і пакідала яе на паднябенні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка