Шрифт:
Я пайшоў праведаць машыны і паглядзець, што робіцца навокал, а пасля вярнуўся ў бліндаж да шафёраў. Мы ўсе сядзелі на зямлі, прыхінуўшыся да сценкі, і курылі. Звонку было ўжо амаль цёмна. Зямля ў бліндажы была цёплая і сухая, і я прыхінуўся да сценкі плячыма і расслабіў усё цела.
— Хто ідзе ў атаку? — спытаў Гавуцы.
— Берсальеры.
— Адны берсальеры?
— Здаецца, так.
— Для сапраўднай атакі тут вельмі мала войска.
— Відаць, гэта проста дыверсія, а сапраўдная атака будзе не тут.
— А салдаты, якія ідуць у атаку, гэта ведаюць?
— Не думаю.
— Вядома, не ведаюць, — сказаў Маньера. — Калі б ведалі, не пайшлі б.
— Яшчэ як пайшлі б, — сказаў Пасіні. — Берсальеры дурні.
— Яны храбрыя салдаты і захоўваюць дысцыпліну, — сказаў я.
— Яны дужыя хлопцы, і ў іх шырокія грудзі. Але ўсё адно яны дурні.
— А грэнадзёры малайцы, — сказаў Маньера. Гэта быў жарт. Усе чацвёра засмяяліся.
— Гэта пры вас было, tenente, калі яны адмовіліся ісці, а пасля кожнага дзесятага расстралялі?
— Не.
— Была такая справа. Іх выстраілі і адлічылі кожнага дзесятага. Карабінеры іх расстрэльвалі.
— Карабінеры, — сказаў Пасіні і сплюнуў на зямлю.
— Ала грэнадзёры — ого! шэсць футаў росту. I адмовіліся ісці.
— Вось калі б адмовіліся ўсе, то і вайна скончылася б,—сказаў Маньера.
— Але ж грэнадзёры зусім пра гэта не думалі. Проста спалохаліся. Афіцэры ж былі ўсе са знаці.
— А некаторыя афіцэры пайшлі адны.
— Двух афіцэраў застрэліў сяржант за тое, што яны не хацелі ісці.
— Некаторыя радавыя таксама пайшлі.
— Каторыя пайшлі, тых і не выстройвалі, калі бралі дзесятага.
— Аднак майго земляка там расстралялі, — сказаў Пасіні. — Рослы такі, прыгожы хлопец, якраз для грэнадзёра. Вечна ў Рыме. Вечна з дзяўчатамі. Вечна з карабінерамі. — Ён засмяяўся. — Зараз ля яго дома паставілі вартавога са штыком, і ніхто не пасмее наведаць яго маці, і бацьку, і сясцёр, а ягонага бацьку пазбавілі ўсіх грамадзянскіх правоў, і нават галасаваць ён не можа. I закон іх больш не абараняе. Кожны можа прыйсці і забраць у іх, што захоча.
— Калі б не страх, што сям'і пагражае тое ж, ніхто не пайшоў бы ў атаку.
— Ну не. Альпійскія стралкі пайшлі б. Полк Віктора-Эмануіла пайшоў бы. Бадай, і берсальеры таксама.
— A і берсальеры ўцякалі таксама. Зараз яны стараюцца забыцца пра гэта.
— Вы дарэмна дазваляеце нам размаўляць на такія тэмы, tenente. Evviva l'esercito!14 — з'едліва зазначыў Пасіні.
— Я гэтыя размовы ўжо чуў, — сказаў я. — Але пакуль вы седзіце за рулём і робіце сваю справу...
— ... і гаворыце дастаткова ціха, каб не маглі пачуць іншыя афіцэры, — закончыў Маньера.
— Я лічу, што мы павінны давесці вайну да канца, — сказаў я. — Вайна не скончыцца, калі адзін бок перастане змагацца.
— Горай быць не можа, — пачціва сказаў Пасіні. — Няма нічога горшага, чым вайна.
— Паражэнне яшчэ горш.
— Не зусім, — сказаў Пасіні па-ранейшаму пачціва.
— Што такое паражэнне? Ну, вернемся дамоў.
— Вораг пойдзе за вамі. Забярэ ваш дом. Забярэ вашых сясцёр.
— Наўрад ці пойдзе ён за кожным, — сказаў Пасіні.
— Няхай кожны абараняе свой дом. Няхай не выпускае сясцёр за дзверы.
— Вас павесяць. Вас забяруць і зноў адправяць ваяваць. I не ў санітарны транспарт, а ў пяхоту.
— Так ужо кожнага і павесяць.
— Не можа чужая дзяржава прымусіць ваяваць за сябе, — сказаў Маньера. — У першым жа баі ўсе разбягуцца.
— Як чэхі.
— Вы проста не ведаеце, што азначае быць пераможаным, вось вам і здаецца, што гэта не надта дрэнна.
— Tenente, — сказаў Пасіні, — вы нібыта дазволілі нам гаварыць. Дык вось, слухайце. Страшней за вайну нічога няма. Мы тут у санітарных часцях не можам зразумець, якая гэта страшная рэч — вайна. А тыя, хто разумее, як гэта страшна, тыя ўжо не могуць перашкодзіць гэтаму, бо вар'яцеюць. Ёсць людзі, якім ніколі не зразумець. Ёсць людзі, якія баяцца сваіх афіцэраў. Вось такімі і робяць вайну.
— Я ведаю, што вайна — страшная справа, але мы мусім давесці яе да канца.
— Канца няма. Вайна не мае канца.
— Не, канец ёсць.
Пасіні пакруціў галавой.
— Вайну не выйграюць перамогамі. Ну, возьмем мы Сан-Габрыеле. Ну, возьмем мы Карсо, і Манфальконе, і Трыест. А што пасля? Вы бачылі сёння ўсе тыя далёкія горы? Што, вы лічыце, што мы здолеем імі авалодаць? Толькі калі аўстрыйцы перастануць змагацца. Адзін бок павінен перастаць змагацца. Чаму не перастаць змагацца нам? Калі яны дабяруцца да Італіі, яны стомяцца і адыдуць назад. У іх ёсць свая радзіма. Дык жа не, абавязкова трэба ваяваць.