Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Вы сапраўдны аратар.

— Мы думаем. Мы чытаем. Мы не сяляне. Мы механікі. Але нават сяляне не такія дурні, каб верыць у вайну. Усе ненавідзяць гэтую вайну.

— Краінай кіруе клас, які неразумны і нічога не разумее і не зразумее ніколі. Вось чаму мы ваюем.

— Гэтыя людзі яшчэ нажываюцца на вайне.

— Многія нават і не нажываюцца, — сказаў Пасіні. — Яны занадта дурныя. Яны робяць гэта проста так. Па дурноце.

— Ну, хопіць, — сказаў Маньера. — Мы надта разбалбаталіся, нават для tenente.

— Яму гэта падабаецца, — сказаў Пасіні. — Мы яго перацягнем у сваю веру.

— Але пакуль што хопіць, — сказаў Маньера.

— Дык ці дадуць нам паесці, tenente? — спытаў Гавуцы.

— Зараз я даведаюся, — сказаў я. Гардзіні ўстаў і выйшаў разам са мной.

— Mo што-небудзь трэба зрабіць, tenente? Я вам нічым не магу дапамагчы? — Ён быў самы ціхі з усіх чатырох.

— Калі хочаце, хадзем са мной, — сказаў я, — даведаемся, што там.

Было ўжо зусім цёмна, і доўгія прамені пражэктараў снавалі над гарамі. На нашым фронце былі вялізныя пражэктары, устаноўленыя на грузавіках, і часам, едучы ноччу ля самых пазіцый, можна было ўбачыць такі грузавік, які спыніўся ўзбоч дарогі, афіцэра, які накіроўваў святло, і перапалоханую каманду. Мы прайшлі па заводскім двары і спыніліся ля галоўнага перавязачнага пункта. Звонку над уваходам быў вялікі навес з зялёных галін, і начны вецер шамацеў у цемры высахлым на сонцы лісцем. Унутры гарэла святло. Галоўны ўрач, седзячы на скрынцы, размаўляў па тэлефоне. Адзін з дактароў сказаў, што атака адкладзена на гадзіну. Ён прапанаваў мне каньяку. Я агледзеў доўгія сталы, інструменты, бліскучыя тазы і бутлі з прыцёртымі коркамі. Гардзіні стаяў за маёй спінай. Галоўны ўрач адышоўся ад тэлефона.

— Зараз пачынаецца, — сказаў ён. — Вырашылі не адкладваць.

Я выглянуў на вуліцу, было цёмна, і прамені аўстрыйскіх пражэктараў снавалі над гарамі ззаду за намі. З хвіліну было ціха, затым усе гарматы пачалі агонь.

— Савоя, — сказаў галоўны доктар.

— А дзе абед? — спытаў я. Ён не чуў. Я паўтарыў.

— Яшчэ не падвезлі.

Вялікі снарад праляцеў і выбухнуў на заводскім двары. Яшчэ адзін разарваўся, і ў шуме выбуху можна было пачуць драбнейшы шум ад асколкаў цэглы і камякоў гразі, якія дажджом сыпаліся ўніз.

— Што-небудзь знойдзецца перакусіць?

— Ёсць крыху pasta asciutta15, — сказаў галоўны ўрач.

— Давайце, што ёсць.

Галоўны ўрач нешта сказаў санітару, той знік у глыбіні памяшкання і вынес адтуль металічны таз з халоднымі макаронамі. Я перадаў яго Гардзіні.

— А сыру няма?

Галоўны ўрач незадаволена сказаў санітару яшчэ нешта, той зноў збегаў унутр і прынёс чвэртку круглага белага сыру.

— Дзякуй, — сказаў я.

— Я не раю вам ісці зараз.

Нешта паставілі на зямлю звонку ля ўваходу. Адзін з санітараў, якія гэта прынеслі, зазірнуў унутр.

— Давайце яго сюды, — сказаў галоўны ўрач. — Ну, што там? Загадаеце нам самім выйсці і ўзяць яго?

Санітары падхапілі параненага над рукі і за ногі і ўнеслі ў памяшканне.

— Разрэжце рукаў, — сказаў галоўны ўрач.

Ён трымаў пінцэт з кавалкам марлі. Іншыя два дактары скінулі шынелі.

— Ідзіце, — сказаў галоўны ўрач санітарам.

— Пайшлі, tenente, — сказаў Гардзіні.

— Лепш пачакайце, пакуль сціхне агонь, — сказаў галоўны ўрач, не паварочваючыся.

— Людзі галодныя, — сказаў я.

— Ну, як хочаце.

Мы выйшлі на заводскі двор і пабеглі. Ля самага берага разарваўся снарад. Другога мы не чулі, пакуль раптам не выбухнула побач з намі. Мы абодва кінуліся ніц на зямлю і ў шуме і грукаце выбуху пачулі гудзенне асколкаў і стук цэглы, якая падала зверху. Гардзіні ўстаў і пабег да бліндажа. Я бег за ім, трымаў у руках сыр, увесь у цагляным пыле, які абляпіў яго гладкую паверхню. У бліндажы тры шафёры па-ранейшаму сядзелі ля сцяны і курылі.

— Ну, вось вам, патрыёты, — сказаў я.

— Як там машыны? — спытаў Маньера.

— Нармальна, — сказаў я.

— Спалохаліся, tenente?

— Ёсць грэх, — сказаў я.

Я дастаў свой сцізорык, адчыніў яго, выцер лязо і здзёр верхні слой сыру. Гавуцы падаў мне таз з макаронамі.

— Пачынайце вы.

— Не, — сказаў я. — Пастаўце на падлогу. Будзем есці разам.

— Няма відэльцаў.

— Ну і д'ябал з імі, — сказаў я па-англійску.

Я разрэзаў сыр на кавалкі і расклаў яго на макаронах.

— Прашу, — сказаў я. Яны падсунуліся і чакалі. Я запусціў пальцы ў макароны і пачаў цягнуць. Пацягнулася клейкая маса.

— Падымайце вышэй, tenente.

Я падняў руку да ўзроўню пляча, і макароны адляпіліся. Я апусціў іх у рот, уцягнуў і злавіў губамі канцы, пражаваў, затым узяў кавалак сыру, пражаваў і запіў глытком віна. Віно аддавала ржавым металам. Я перадаў біклагу Пасіні.

— Дрэнь, — сказаў я. — Надта доўга было ў біклазе. Я вёз яе з сабой у машыне.

Усе чацвёра елі, схіляючы падбародкі да самага таза, адкідваючы галовы назад, усмоктвалі канцы. Я яшчэ раз набраў поўны рот, і адкусіў сыру, і адпіў віна. Звонку нешта бухнула, і зямля здрыганулася.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка