Шрифт:
Яна старалася падабраць валасы і блізарука жмурылася на мяне.
— Пакажыце, куды мяне пакласці.
— Не ведаю, — сказала яна. — Мы нікога не чакалі. Я не магу пакласці вас куды папала.
— Усё роўна куды, — сказаў я. Потым звярнуўся да швейцара па-італьянску: —Знайдзіце вольны пакой.
— Яны ўсе вольныя, — сказаў швейцар. — Вы тут першы паранены. — Ён трымаў фуражку ў руцэ і глядзеў на пажылую сястру.
— Ды пакладзіце вы мяне куды-небудзь, Хрыстом-Богам прашу! — Боль у сагнутых нагах усё мацнеў, і я адчуваў, як ён наскрозь пранізвае косці. Швейцар знік за дзвярыма разам з сівой сястрой і хутка вярнуўся. — Ідзіце за мной, — сказаў ён.
Мяне панеслі па доўгім калідоры і ўнеслі ў пакой са спушчанымі шторамі. У ім пахла новай мэбляй. Каля сцяны стаяў ложак, у куце — вялізная люстраная шафа. Мяне паклалі на ложак.
— Я не магу даць прасціну, — сказала жанчына, — яны ўсе пад замком.
Я не стаў гаварыць з ёй.
— У мяне ў кішэні грошы, — сказаў я швейцару. — У той, што зашпілена на гузік.
Швейцар дастаў грошы. Абодва санітары стаялі каля парога з шапкамі ў руках.
— Дайце ім абодвум па пяць лір і пяць лір вазьміце сабе. Мае паперы ў другой кішэні. Можаце аддаць іх сястры.
Санітары ўзялі пад казырок і выйшлі.
— Вось, — сказаў я сястры, — гэта мая картачка і гісторыя хваробы.
Жанчына ўзяла паперы і паглядзела на іх праз акуляры. Папер было тры, і яны былі складзены.
— Я не ведаю, што рабіць, — сказала яна. — Я не ўмею чытаць па-італьянску. Я нічога не магу зрабіць без распараджэння доктара. — Яна расплакалася і ўсунула паперы ў кішэню фартуха. — Вы амерыканец? — спытала яна скрозь слёзы.
— Так. Пакладзіце, калі ласка, паперы на столік каля ложка.
У пакоі было цемнавата і халаднавата. З ложка мне было відаць вялікае люстэрка ў шафе, але не было відаць, што ў ім адбівалася. Швейцар стаяў у нагах ложка. У яго быў добры твар, і сам ён здаваўся мне таксама добрым.
— Вы можаце ісці, — сказаў я яму. — I вы таксама,—сказаў я сястры. — Як вас зваць?
— Місіс Уокер.
— Ідзіце, місіс Уокер. Я паспрабую заснуць.
Я застаўся ў пакоі адзін. У ім было халаднавата і не пахла бальніцай. Матрац быў тугі і зручны, і я ляжаў не варушачыся, амаль не дыхаючы, радуючыся, што боль сціхае. Праз нейкі час мне захацелася піць, і я знайшоў у галавах грушу званка і пазваніў, але ніхто не з'явіўся. Я заснуў.
Прачнуўшыся, я агледзеўся. Праз аканіцы прабівалася сонечнае святло. Я ўбачыў вялікі гардэроб, голыя сцены і два крэслы. Мае ногі ў брудных бінтах, як палкі, тырчалі на ложку. Я стараўся не кратаць імі. Мне хацелася піць, і я пацягнуўся да званка і націснуў на кнопку. Я пачуў, як адчыніліся дзверы, і азірнуўся, і ўбачыў сястру, не ўчарашнюю, а іншую. Яна здавалася мне маладой і прыгожанькай.
— Добрай раніцы, — сказаў я.
— Добрай раніцы, — сказала яна і падышла да ложка.—Нам не ўдалося выклікаць доктара. Ён паехаў на Кома. Мы не ведалі, што сёння прывязуць каго-небудзь. А што ў вас?
— Я паранены. Абодва калены і ступні, і галава таксама закранута.
— Як вас зваць?
— Генры, Фрэдэрык Генры.
— Я зараз памыю вас. Але павязак мы не можам чапаць да прыходу доктара.
— Скажыце, а міс Барклі тут?
— Не. У нас такой няма.
— Што гэта за жанчына, якая плакала, калі мяне прывезлі?
Сястра рассмяялася.
— Гэта місіс Уокер. Яна дзяжурыла ноччу і заснула. Яна не думала, што каго-небудзь прывязуць.
Размаўляючы, яна распранула мяне, і калі зняла ўсё, акрамя павязак, то стала мяне мыць, вельмі проста і лоўка. Мыццё мяне асвяжыла. Галава была забінтавана, але яна абмыла ўсюды вакол бінта.
— Дзе вас параніла?
— На Ізонца, на поўнач ад Плавы.
— Дзе гэта?
— На поўнач ад Гарыцыі.
Я бачыў, што ўсе гэтыя назвы ёй нічога не гавораць.
— Вам вельмі баліць?
Яна ўклала мне градуснік у рот.
— Італьянцы ставяць пад паху, — сказаў я.
— Не размаўляйце.
Выняўшы градуснік, яна паглядзела, якая тэмпература, і адразу стрэсла.
— Якая тэмпература?
— Вам не трэба гэта ведаць.
— Скажыце, якая.
— Амаль нармальная.
— У мяне ніколі не падымаецца тэмпература. А ў маіх нагах гэтулькі старога жалеза.
— Не разумею.
— Там і асколкі міны, і старыя цвікі, і спружыны ад матраца, і ўсялякі хлам.
Яна пакруціла галавой і ўсміхнулася.
— Калі б у вашай назе было хоць адно пабочнае цела, яно дало б запаленне і ў вас паднялася б тэмпература.
— А вось пабачым, — сказаў я, — пабачым, што дастануць падчас аперацыі.
Яна выйшла з пакоя і вярнулася разам з пажылой сястрой, якая дзяжурыла ноччу. Удваіх яны паслалі мне прасціну, не падымаючы мяне. Гэта было для мяне новым і зроблена вельмі лоўка.