Шрифт:
— Цяпер ты верыш, што я цябе кахаю?
— Ты мая дарагая, — сказаў я. — Ты застанешся тут. Цябе нікуды не павядуць. Я вар'яцею ад кахання да цябе.
— Мы павінны быць вельмі асцярожныя. Мы зусім страцілі галаву. Так нельга.
— Ноччу можна.
— Мы павінны быць вельмі асцярожныя. Ты павінен быць асцярожным пры чужых.
— Я буду асцярожны.
— Ты павінен, абавязкова. Ты добры. Ты мяне кахаеш, праўда?
— Не кажы пра гэта. А то я цябе не адпушчу.
— Я больш не буду. Ты мусіш мяне адпусціць. Мне пара, мілы, праўда.
— Вяртайся адразу ж.
— Я вярнуся, як толькі можна будзе.
— Да пабачэння.
— Да пабачэння, мой харошы.
Яна выйшла. Бачыць Бог, я не хацеў закахацца ў яе. Я ні ў кога не хацеў закахацца. Але, бачыць Бог, я закахаўся і ляжаў на ложку ў міланскім шпіталі, і ўсялякія думкі лезлі мне ў галаву, і мне было вельмі добра, і нарэшце ў пакой увайшла міс Гэйдж.
— Доктар прыязджае, — сказала яна. — Ён званіў з Кома.
— Калі ён будзе тут?
— Ён прыедзе вечарам.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Да вечара нічога не адбылося. Доктар быў ціхі, худзенькі чалавечак, якога вайна, здавалася, выбіла з каляіны. З далікатнай і вытанчанай агідай ён дастаў з майго сцягна некалькі дробных стальных асколкаў. Ён скарыстаў мясцовую анестэзію, ці, як ён казаў, «замарожванне», ад якога тканкі знямелі і боль не адчуваўся, пакуль зонд, скальпель ці ланцэт не пранікалі глыбей за замарожаны слой. Можна было дакладна вызначыць, дзе гэты слой канчаецца, і хутка далікатнасць доктара скончылася, і ён сказаў, што лепш зрабіць рэнтген. Зандзіраванне нічога не дае, сказаў ён.
Рэнтгенаўскі кабінет быў у Ospedale Maggiore24, i доктар, які рабіў прасвечванне, быў шумны, лоўкі і вясёлы. Пацыента падтрымлівалі за плечы, так што ён сам мог бачыць на экране самыя вялікія іншародныя целы. Здымкі павінны былі прыслаць потым. Доктар запрасіў мяне напісаць у яго запісной кніжцы маё імя, полк і што-небудзь на памяць. Ён абвясціў, то ўсё іншароднае — агіднасць, мярзоцце, брыдота. Аўстрыйцы проста сукіны дзеці. Колькі я забіў? Я не забіў ніводнага, але мне вельмі хацелася сказаць яму прыемнае, і я сказаў, што забіў процьму аўстрыйцаў. Са мной была міс Гэйдж, і доктар абняў яе за талію і сказаў, што яна прыгажэйшая за Клеапатру. Ці зразумела яна? Клеапатра — былая егіпецкая царыца. Але, як Бог Святы, яна больш цудоўная.
Санітарная машына адвезла нас назад у шпіталь, і праз нейкі час, пасля шматлікіх вандровак з насілак на насілкі, я нарэшце апынуўся ўверсе, на сваім ложку. Пасля абеду прыбылі здымкі; доктар паабяцаў, што, як Бог Святы, яны будуць гатовыя пасля абеду, і стрымаў слова. Кэтрын Барклі наказала мне здымкі. Яны былі ў чырвоных канвертах, і яна дастала іх з канвертаў, і мы разам разглядалі іх на святло.
— Гэта правая нага, — сказала яна і паклала здымак зноў у канверт. — А гэта левая.
— Пакладзі іх куды-небудзь, — сказаў я, — а сама хадзі да мяне.
— Нельга, — сказала яна. — Я прыйшла толькі на хвілінку, паказаць табе здымкі.
Яна пайшла, і я застаўся адзін. Дзень быў гарачы, і мне вельмі надакучыла ляжаць на ложку. Я папрасіў швейцара купіць мне газеты, усе газеты, якія толькі можна дастаць.
Пакуль я чакаў яго, у пакой увайшлі тры доктары. Я даўно заўважыў, што дактары, якім не хапае вопыту, схільны прасіць адзін у аднаго дапамогі і парады. Доктар, які не можа як след выразаць вам апендыкс, пашле вас да іншага, які не здолее толкам выдаліць вам гланды. Гэтыя тры доктары былі такія.
— Вось наш малады чалавек, — сказаў шпітальны доктар, той, у якога былі далікатныя рухі.
— Добры дзень, — сказаў высокі, худы доктар з барадой. Трэці, які трымаў у руках рэнтгенаўскія здымкі ў чырвоных канвертах, нічога не сказаў.
— Здымем павязкі? — запытальна прамовіў барадаты доктар.
— Вядома. Здыміце, калі ласка, павязкі, сястра, — звярнуўся шпітальны доктар да міс Гэйдж.
Міс Гэйдж зняла павязкі. Я паглядзеў на свае ногі. Калі я ляжаў у палявым шпіталі, яны былі падобныя на заветралы мясны фарш. Цяпер яны былі пад скарынкай, і калена распухла і балела, а лытка абмякла, але гною не было.
— Вельмі чыста, — сказаў шпітальны доктар. — Вельмі чыста і добра.
— Гм, — сказаў барадаты доктар. Трэці ўрач зірнуў цераз плячо шпітальнага доктара.
— Сагніце, калі ласка, калена, — сказаў барадаты.
— Не магу.
— Праверым сустаў? — запытальна прамовіў барадаты доктар. У яго рукаве, акрамя трох зорачак, была яшчэ палоска. Гэта азначала, што ён мае чын капітана медыцынскай службы.
— Вядома, — сказаў шпітальны доктар. Удвух яны асцярожна ўзяліся за маю правую нагу і сталі згінаць яе.