Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— А мо я не буду балбатаць.

— Магчыма. Не ўсе ж балбочуць.

— Вось і я не буду.

— Не хваліся, мілы. Калі ласка, не хваліся. Ты такі добры, не трэба хваліцца.

— Я не скажу ні слова.

— Зноў ты хвалішся, мілы. Зусім не трэба хваліцца. Проста, калі табе скажуць дыхаць глыбока, пачні чытаць малітву, ці вершы, ці яшчэ што-небудзь. Тады ўсё будзе добра, і я буду ганарыцца табой. Я наогул ганаруся табой. У цябе такая цудоўная тэмпература, і ты спіш, як маленькі хлопчык, абдымаеш падушку і думаеш, што гэта я. А мо не я, а іншая? Якая-небудзь італьянская прыгажуня?

— Не, ты.

— Ну, вядома, я. I я цябе вельмі кахаю, і Валенціні прывядзе тваю нагу ў поўны парадак. Як добра, што мне не давядзецца бачыць гэта.

— А ты будзеш дзяжурыць ноччу?

— Так. Але табе будзе ўсё роўна.

— Пабачым.

— Ну, вось і ўсё, мілы. Цяпер ты зусім чысты, і звонку і знутры. Скажы мне, колькі жанчын ты кахаў за свае жыццё?

— Ніводнай.

— I мяне не?

— Цябе — кахаў.

— А колькі яшчэ?

— Ніводнай.

— А колькі — як гэта гавораць? — колькі ты ведаў?

— Ніводнай.

— Ты кажаш няпраўду.

— Праўду.

— Так і трэба. Ты мне ўвесь час кажы няпраўду. Я так хачу. Яны былі прыгожыя?

— Я ніводнай не ведаў.

— Правільна. Яны былі вельмі прывабныя?

— Не ведаю.

— Ты толькі мой. Гэта праўда, і ніколі нічым ты не быў. Але мне ўсё роўна, нават калі і не так. Я іх не баюся. Толькі ты мне не расказвай пра іх. А калі жанчына кажа мужчыне пра тое, колькі гэта каштуе?

— Не ведаю.

— Ну вядома, ты не ведаеш. А яна гаворыць яму, што кахае яго? Скажы мне. Я хачу ведаць.

— Так. Калі ён гэтага хоча.

— А ён гаворыць ёй, што кахае яе? Скажы. Гэта вельмі важна.

— Гаворыць, калі хоча.

— Але ты ніколі не гаварыў? Праўда?

— Не.

— Не, праўда? Скажы мне праўду.

— Не, — зманіў я.

— Ты не гаварыў, — сказала яна. — Я так і ведала, што ты не гаварыў. Ты мілы, і я цябе вельмі, вельмі кахаю.

Сонца высока стаяла над дахамі, і я бачыў шпілі сабоpa з сонечнымі водбліскамі на іх. Я быў чысты звонку і знутры і чакаў прыходу доктара.

— Значыць, так? — сказала Кэтрын. — Яна гаворыць усё, што яму хочацца?

— Не заўсёды.

— А я буду заўсёды. Я буду заўсёды гаварыць усё, што ты захочаш, і я буду рабіць усё, што ты захочаш, і ты ніколі не захочаш іншых жанчын, праўда? — Яна паглядзела на мяне радасна. — Я буду рабіць тое, што табе хочацца, і гаварыць тое, што табе хочацца, і тады ўсё будзе цудоўна, праўда?

— Праўда.

— Ну, вось ты і гатовы да аперацыі. А цяпер скажы, чаго б табе хацелася зараз?

— Хадзі да мяне.

— Добра. Іду.

— Ты мая вельмі, вельмі, вельмі каханая, — сказаў я.

— Вось бачыш, — сказала яна. — Я раблю ўсё, што ты хочаш.

— Ты ў мяне разумніца.

— Я толькі баюся, што ты яшчэ не зусім мной задаволены.

— Ты разумніца.

— Я хачу тое, што хочаш ты. Мяне больш няма. Толькі тое, што хочаш ты.

— Мілая.

— Ты задаволены? Праўда, ты задаволены? Ты не хочаш іншых жанчын?

— Не.

— Бачыш, ты задаволены. Я раблю ўсё, што ты хочаш.

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

Калі я прачнуўся пасля аперацыі, было не падобна, што я некуды знікаў. Падчас гэтага не знікаеш. Толькі бярэ ўдушша. Гэта не падобна на смерць, гэта проста ўдушша ад газу, і тады перастаеш усё адчуваць, а пасля такое адчуванне, быццам быў моцна п'яны, а калі пасля моцна ванітуе, то адной жоўцю і не робіцца лепей. У нагах ложка я ўбачыў мяшкі з пяском. Яны прыціскалі стрыжні, што тырчалі з гіпсавай павязкі. Крыху счакаўшы я ўбачыў міс Гэйдж, і яна спытала:

— Ну, як?

— Лепш, — сказаў я.

— Ён проста цуд зрабіў з вашым каленам.

— Колькі гэта доўжылася?

— Дзве з паловай гадзіны.

— Я гаварыў якія-небудзь глупствы?

— Не, нічога. Маўчыце. Ляжыце спакойна.

Мяне ванітавала, і Кэтрын мела рацыю. Мне было ўсё роўна, хто дзяжурыць гэтай ноччу.

У шпіталі акрамя мяне было яшчэ трое: худы хлопец з Джорджыі, супрацоўнік Чырвонага Крыжа, хворы на малярыю, добры хлопец з Нью-Йорка, таксама худы на выгляд, хворы на малярыю і жаўтуху, і наймілейшы хлопец, які захацеў адкруціць калпачок ад дыстанцыйнай трубкі аўстрыйскага снарада, каб узяць сабе на памяць. Гэта быў камбінаваны шрапнельна-фугасны снарад, якімі аўстрыйцы карысталіся ў гарах: шрапнель з дыстанцыйнай трубкай двайнога дзеяння.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка