Шрифт:
Ці можам мы ехаць, куды хочам? Так. А куды мы хочам ехаць?
— Куды ты хочаш ехаць, Кэт?
— У Мантрэ.
— Вельмі добры горад, — сказаў чыноўнік. — Я думаю, што вам спадабаецца гэты горад.
— Лакарна таксама вельмі добры горад, — сказаў другі чыноўнік. — Я ўпэўнены, што вам вельмі спадабаецца Лакарна. Гэта вельмі прыгожы горад.
— Нам падабаецца там, дзе можна займацца зімовым спортам.
— У Мантрэ не займаюцца зімовым спортам.
— Прашу прабачэння, — сказаў першы чыноўнік. — Я сам з Мантрэ. На Мантрэ-Обэрланд-Бернскай чыгунцы, безумоўна, ёсць умовы для зімовага спорту. З вашага боку несумленна было б адмаўляць гэта.
— Я і не адмаўляю. Я проста кажу, што ў Мантрэ не займаюцца зімовым спортам.
— Я аспрэчваю гэта, — сказаў першы чыноўнік. — Я аспрэчваю гэта сцверджанне.
— А я настойваю на сваім.
— А я аспрэчваю гэта. Я сам катаўся на luge37 па вуліцах Мантрэ. Я рабіў гэта часта. Luge, вядома, адзін з відаў зімовага спорту.
Другі чыноўнік павярнуўся да мяне.
— Вы мелі на ўвазе luge, калі казалі пра зімовы спорт, сэр? Пераконваю вас, у Лакарна вам будзе значна зручней. Вы знойдзеце тут здаровы клімат, вы знойдзеце тут прыгожыя мясціны. Вам тут вельмі спадабаецца.
— Пан сам выказаў жаданне ехаць у Мантрэ.
— А што такое luge? — спытаў я.
— Вось бачыце, ён нават ніколі не чуў пра luge.
Гэта вельмі спадабалася другому чыноўніку. Ён трыумфаваў.
— Luge, — сказаў першы чыноўнік, — гэта тое ж, што табаган.
— Павінен запярэчыць, — паківаў галавой другі чыноўнік. — Я зноў мушу запярэчыць. Табаган вельмі адрозніваецца ад luge. Табаган робіцца ў Канадзе з плоскіх планак. Luge — гэта звычайныя санкі на палазах. Дакладнасць перш за ўсё.
— А ці можна нам катацца на табагане? — спытаў я.
— Вядома, можна і на табагане, — сказаў першы чыноўнік. — Можна катацца і на табагане. У Мантрэ прадаюцца цудоўныя канадскія табаганы. Браты Окс гандлююць табаганамі. Яны самі імпартуюць табаганы.
Другі чыноўнік адвярнуўся.
— Для катання на табагане, — сказаў ён, — патрабуецца спецыяльная piste38. Нельга катацца на табагане па вуліцах Мантрэ. Дзе вы спыніліся?
— Мы яшчэ самі не ведаем, — сказаў я. — Мы толькі што прыехалі з Брысага. Экіпаж чакае на вуліцы.
— Вы не пашкадуеце, што едзеце ў Мантрэ, — сказаў першы чыноўнік. — Там цудоўны мяккі клімат. Вам не трэба будзе далёка хадзіць, калі вы захочаце займацца зімовым спортам.
— Калі вас сапраўды цікавіць зімовы спорт, — сказаў другі чыноўнік, — едзьце ў Энгадзін ці Мюрэн. Я вымушаны пратэставаць супраць дадзенай вам парады ехаць у Мантрэ, каб займацца зімовым спортам.
— У Лез-Аван над Мантрэ найлепшыя ўмовы для любога зімовага спорту.
Патрыёт Мантрэ злосна зірнуў на свайго калегу.
— Панове, — сказаў я. — На жаль, мы павінны ехаць. Мая кузіна вельмі стамілася. Мы рызыкнём адправіцца ў Мантрэ.
— Вітаю ваша рашэнне. — Першы чыноўнік паціснуў мне руку.
— Думаю, што вы будзеце шкадаваць пра ад'езд з Лакарна, — сказаў другі чыноўнік. — Ва ўсякім выпадку, у Мантрэ вам давядзецца з'явіцца ў паліцыю.
— Ніякіх непаразуменняў з паліцыяй у вас не будзе, — запэўніў мяне першы чыноўнік. — З боку насельніцтва вы сустрэнеце выключную гасціннасць і дружалюбнасць.
— Вялікае дзякуй вам абодвум, — сказаў я. — Вашы парады для нас вельмі каштоўныя.
— Да пабачэння, — сказала Кэтрын.
— Вялікае дзякуй вам абодвум.
Яны праводзілі нас з паклонамі, патрыёт Лакарна неяк халаднавата. Мы спусціліся па лесвіцы і селі ў экіпаж.
— О, Божа! —сказала Кэтрын. — Няўжо нельга было выбрацца адгэтуль раней? — Я даў вазніцы адрас гатэля, рэкамендаванага нам адным з чыноўнікаў. Вазніца падабраў лейцы.
— Ты забыўся про армію, — сказала Кэтрын. Салдат стаяў каля экіпажа. Я даў яму дзесяць лір. — У мяне яшчэ няма швейцарскіх грошай, — сказаў я. Ён падзякаваў, узяў пад казырок і пайшоў. Экіпаж крануўся, і мы паехалі ў гатэль.
— Чаму ты загаварыла пра Мантрэ? — спытаў я ў Кэтрын. — Ты сапраўды хочаш туды ехаць?
— Гэта было першае, што прыйшло мне ў галаву, — сказала яна. — Там няблага. Мы можам пасяліцца дзе-небудзь наверсе, у гарах.
— Табе хочацца спаць?
— Я ўжо амаль сплю.
— Мы добра выспімся. Бедная мая Кэт! Дасталася табе гэтай ноччу.
— Мне было вельмі весела, — сказала Кэтрын. — Асабліва калі ты сядзеў з парасонам.
— Ты разумееш, што мы ў Швейцарыі?
— Не, мне ўсё здаецца: вось я прачнуся, і гэта ўсё няпраўда.