Шрифт:
Часам мы спускаліся па схіле гары ў Мантрэ. Ад самага доміка ўніз вяла сцяжынка, але яна была вельмі крутая, і звычайна мы спускаліся па дарозе і ішлі па шырокай, зацвярдзелай ад марозу дарозе між палёў, а пасля між агароджамі з каменю вакол вінаграднікаў і яшчэ ніжэй паміж домікамі прыдарожных вёсак. Вёскі былі тры: Шарнэ, Фантаніван і яшчэ адна, забыўся якая. Затым па той жа дарозе мы праходзілі міма старога, моцна збітага мураванага chateau на выступе гары, сярод размешчаных тэрасамі вінаграднікаў, дзе кожная лаза была падвязана да тычкі, і ўсе лозы былі сухія і бурыя, і зямля чакала снегу, а ўнізе, у глыбіні, ляжала возера, гладкая і шэрае, як сталь. Ад chateau дарога ішла ўніз даволі паката, а затым збочвала ўправа, і далей быў выбрукаваны каменем вельмі круты спуск проста да Мантрэ.
У нас не было знаёмых у Мантрэ. Мы ішлі па беразе возера і бачылі лебедзяў, і мноства чаек, і буравеснікаў, якія ўзляталі, як толькі падыдзеш бліжэй, і жаласна крычалі, гледзячы ўніз на ваду. Далей ад берага плылі чароды гагар, маленькіх і цёмных, пакідаючы пасля сябе след на вадзе. Прыйшоўшы ў горад, мы пайшлі па галоўнай вуліцы і разглядвалі вітрыны магазінаў. Там было шмат вялікіх гатэляў, зараз зачыненых, але магазіны амаль усе былі адчынены, і нам усюды былі вельмі рады. Была вельмі добрая цырульня, і Кэтрын зайшла туды. Гаспадыня цырульні сустрэла яе вельмі ветліва, гэта была адзіная наша знаёмая ў Мантрэ. Пакуль Кэтрын была ў цырульні, я сядзеў у піўным паграбку і піў цёмнае мюнхенскае піва і чытаў газеты. Я чытаў «Карьерэ дэлла Сера» і англійскія і амерыканскія газеты з Парыжа. Усе аб'явы былі запэцканы друкарскай фарбай, відаць, каб нельга было выкарыстаць іх для зносін з непрыяцелем. Гэта было невясёлае чытанне. Справы ўсюды былі невясёлыя. Я сядзеў у кутку з вялікім куфлем цёмнага піва і разарваным папяровым пакетам pretzels39 і еў pretzels, бо мне падабаўся іх саланаваты прысмак і тое, якім смачным ад іх станавілася піва, і чытаў пра разгром. Я думаў, што Кэтрын зойдзе па мяне, але яна не заходзіла, і я паклаў газеты на месца, заплаціў за піва і пайшоў шукаць яе. Дзень быў халодны, і пахмурны, і зімні, і камень у сценах здаваўся халодным. Кэтрын усё яшчэ была ў цырульні. Гаспадыня завівала ёй валасы. Я сядзеў у кабінеціку і глядзеў. Гэта мяне хвалявала, і Кэтрын усміхалася і размаўляла са мной, і голас мой быў крыху сіпаты ад хвалявання. Шчыпцы прыемна пазвоньвалі, і я бачыў валасы Кэтрын у трох люстэрках, і ў кабінеціку было цёпла і прыемна. Затым гаспадыня зрабіла ўкладку валасоў, і Кэтрын паглядзела ў люстэрка і крыху памяняла прычоску, дастаючы і заколваючы шпількі; затым устала.
— Мне проста сорамна, што я тут доўга.
— Monsieur было проста цікава. Хіба не так, monsieur? — усміхнулася гаспадыня.
— Праўда, — сказаў я.
Мы выйшлі і пайшлі па вуліцы. Было холадна і змрочна, і быў вецер.
— Ты нават не ведаеш, як я цябе кахаю, — сказаў я.
— Праўда ж, нам зараз вельмі добра? — сказала Кэтрын. — Ведаеш што? Давай куды-небудзь зойдзем і замест чаю вып'ем піва. Для маленькай Кэтрын піва вельмі карысна. Яно не дасць ёй занадта хутка расці.
— Ты і праўда не давай ёй расці, і калі гэта будзе хлопчык, ён здолее стаць жакеем.
— Бадай што, калі народзіцца дзіця, нам і на самай справе трэба будзе пажаніцца, — сказала Кэтрын. Мы сядзелі ў піўной за столікам у кутку. На вуліцы ўжо цямнела. Было рана, але дзень быў пахмурны, і рана наступіў вечар.
— Давай пажэнімся зараз, — сказаў я.
— Не, — сказала Кэтрын. — Зараз няёмка. Ужо надта прыкметна. Не пайду ж я такая ў мэрыю.
— Шкала, што мы не пажаніліся раней.
— Бадай, так было б лепей. Але калі ж мы маглі, любы?
— Не ведаю.
— А я ведаю толькі адно. Не пайду я ў мэрыю гэткай важнай матронай.
— Якая ж ты матрона?
— Самая сапраўдная, любы. Цырульніца пыталася, ці першае дзіця. Я сказала ёй, што ў нас ужо ёсць два хлапчукі і дзве дзяўчынкі.
— Калі ж мы пажэнімся?
— Як толькі я зноў пахудзею. Я хачу, каб у нас было цудоўнае вяселле і каб усе думалі: якая прыгожая пара.
— Але цябе гэта не засмучае?
— А чаго мне засмучацца, любы? У мяне толькі адзін раз было пагана на душы, гэта ў Мілане, калі я адчула сябе дзеўкай, і то праз пяць хвілін усё мінулася, і тут больш за ўсё быў вінаваты пакой. Хіба я дранная жонка?
— Ты цудоўная жонка.
— Вось і не думай пра фармальнасці, любы. Як толькі я зноў пахудзею, мы пажэнімся.
— Добра.
— Як ты лічыш, ці можна мне выпіць піва? Доктар сказаў, што ў мяне вузкаваты таз, так што лепей не дазваляць маленькай Кэтрын вельмі расці.
— Што ён яшчэ сказаў? — Я захваляваўся.
— Нічога. У мяне выдатны крывяны ціск, любы. Ён проста ў захапленні ад майго ціску.
— А што яшчэ ён сказаў наконт вузкага таза?
— Нічога. Зусім нічога. Ён сказаў, што мне нельга ездзіць на лыжах.
— Правільна.
— Ён сказаў, што зараз ужо позна пачынаць, калі я да гэтага не ездзіла. Ён сказаў, што ўвогуле ездзіць на лыжах можна, толькі каб не падаць.
— Твой доктар жартаўнік.
— Не, на самай справе, ён вельмі слаўны. Мы паклічам яго, калі наступіць час нарадзіцца нашаму малому.
— Ты не пыталася ў яго, ці можна нам жаніцца?
— Не. Я сказала яму, што мы жанатыя чатыры гады. Ведаеш, любы, калі я выйду за цябе, я стану амерыканкай, а згодна з амерыканскімі законамі, калі б мы ні жаніліся, — дзіця лічыцца законным.
— Дзе ты гэта вычытала?
— У нью-йоркскім «Уорлд алманак» у бібліятэцы.
— Ты проста цуд.
— Я вельмі рада, што буду амерыканкай. I мы паедзем у Амерыку, праўда, любы? Я хачу паглядзець Ніягарскі вадаспад.
— Ты цуд.
— Я яшчэ нешта хацела паглядзець, толькі я забылася што.
— Бойні?
— Не. Я забылася.
— Небаскроб Вулварта?
— Не.
— Вялікі Каньён?
— Не. Але і гэта таксама.
— Тады што ж?
— Залатыя вароты! Во што я хацела паглядзець. Дзе гэта Залатыя вароты?