Шрифт:
Учацвярых мы ў адкрытым экіпажы паехалі ў Сан-Сіро. Дзень быў цудоўны, і мы ехалі праз парк, потым ехалі ўздоўж трамвайных пуцей і нарэшце выехалі за горад, дзе было шмат пылу. Узбоч дарогі стаялі вілы за жалезнымі агароджамі, і вялікія запушчаныя сады, і канавы з праточнай вадой, і агароды з запыленай зелянінай на градках. Удалечыні на раўніне былі бачны фермерскія дамы і вялізныя зялёныя ўчасткі з каналамі штучнага арашэння, а на поўначы ўздымаліся горы. Па дарозе на іпадром рухалася шмат экіпажаў, і кантралёр каля варот прапусціў нас без білетаў, бо мы былі ў ваеннай форме. Мы выйшлі з экіпажа, купілі праграму, перасеклі круг і па шчыльным дзірване дарожкі пайшлі да паддока. Трыбуны былі драўляныя і старыя, а ніжэй трыбун былі касы, і другі шэраг кас быў каля канюшняў. Каля агароджы тоўпіліся салдаты. На паддоку было даволі шматлюдна. Пад дрэвамі, за вялікай трыбунай, конюхі вадзілі коней. Мы ўбачылі знаёмых і расстараліся для Фергюсон і Кэтрын крэслы і сталі глядзець на коней.
Яны хадзілі па крузе, цугам апусціўшы галаву, на повадзе ў конюхаў. Адзін вараны конь быў з лілаватым адценнем, і Кроуэл бажыўся, што ён афарбаваны. Мы прыглядзеліся больш пільна і вырашылі, што, магчыма, ён мае рацыю. Гэтага каня вывелі толькі за хвіліну перад тым, як далі сігнал сядлаць. Мы адшукалі яго ў праграме па нумары ў конюха на рукаве, і там значылася: вараны конь, клічка «Япалак». Павінен быць заезд для коней, якія ні разу не бралі прыз больш за тысячу лір. Кэтрын была цвёрда пераканана, што ў каня штучна зменена масць. Фергюсон сказала, што не можа быць. Мне гэта ўсё таксама здавалася падазроным. Мы ўсе вырашылі паставіць на гэтага каня па сто лір. У разліковым лістку было сказана, што прыз за яго будзе ў трыццаць пяць разоў большы. Кроуэл пайшоў купляць білеты, а мы засталіся і глядзелі, як жакеі зрабілі яшчэ адзін круг пад дрэвамі і потым выехалі на дарожку і павольным галопам накіраваліся да павароту, да месца старту.
Мы падняліся на трыбуну, каб сачыць за скачкай. У той час у Сан-Сіро не было гумовай стужкі, і стартэр выраўнаваў усіх коней, — удалечыні на дарожцы яны здаваліся зусім маленькімі, — і пасля, ляснуўшы сваім доўгім бізуном, даў старт. Яны прабеглі міма нас; вараны конь скакаў наперадзе і на павароце пакінуў усіх далёка за сабой. Я глядзеў у бінокль, як яны ішлі па задняй дарожцы, і бачыў, што жакей з усіх сіл стараўся стрымаць яго, але не мог, і калі яны выйшлі з-за павароту на пярэднюю дарожку, вараны ішоў на пятнаццаць корпусаў наперадзе астатніх.
— Выдатна, — сказала Кэтрын. — Мы атрымаем больш як тры тысячы лір. Цудоўны конь.
— Спадзяюся, што фарба не аблезе да выдачы.
— Не, праўда, цудоўны конь, — сказала Кэтрын. — Цікава, містэр Меерс на яго паставіў?
— Выйгралі? — крыкнуў я Меерсу. Ён кіўнуў.
— А я не, — сказала місіс Меерс. — А вы, дзеці, на каго ставілі?
— На Япалаха.
— За яго трыццаць пяць даюць.
— Нам спадабалася яго масць.
— А мне не. Ён здаўся мне нейкім бездапаможным. Гаварылі, што на яго не варта ставіць.
— Выдача будзе невялікая, — сказаў Меерс.
— Па падліках трыццаць пяць, — сказаў я.
— Выдача будзе невялікая, — сказаў Меерс. — Яго загналі ў апошнюю хвіліну.
— Хто?
— Кэмптан са сваімі хлопцамі. Вось убачыце. Добра, калі выдадуць удвая.
— Значыць, мы не атрымаем тры тысячы лір? — сказала Кэтрын. — Мне не падабаюцца гэтыя скачкі. Проста жульніцтва.
— Мы атрымаем дзвесце лір.
— Гэта дробязь. Гэта нам не трэба. Я думала, мы атрымаем тры тысячы.
— Жульніцтва і брыдота, — сказала Фергюсон.
— Праўда, каб тут не было жульніцтва, мы на яго не ставілі б, — сказала Кэтрын. — Але мне падабалася, што мы атрымаем тры тысячы лір.
— Пойдзем уніз, чаго-небудзь вып'ем і даведаемся, якая выдача, — сказаў Кроуэл.
Мы спусціліся ўніз да дошкі, дзе вывешвалі нумары пераможцаў, і ў гэты час зазвінеў сігнал да выдачы, і насупраць Япалака вывесілі «васемнаццаць пяцьдзесят». Гэта значыла, што выдача меншая, чым удвая.
Мы зайшлі ў бар пад вялікай трыбунай і выпілі па шклянцы віскі з содавай. Мы сустрэлі там двух знаёмых італьянцаў і Мак Адамса, віцэ-консула, і ўсе яны пайшлі разам з намі наверх. Італьянцы трымалі сябе вельмі цырымонна. Мак Адамс пачаў гаворку з Кэтрын, а мы пайшлі ўніз рабіць стаўкі. Каля адной з кас стаяў містэр Меерс.
— Спытайце ў яго, на якога ён ставіць? — сказаў я Кроуэлу.
— На якога ставіце, містэр Меерс? — спытаў Кроуэл. Меерс дастаў сваю праграму і алоўкам паказаў на нумар пяты.
— Вы не будзеце супраць, калі мы таксама на яго паставім? — спытаў Кроуэл.
— Шпарце, шпарце. Толькі не кажыце жонцы, што гэта я вам параіў.
— Давайце вып'ем чаго-небудзь, — сказаў я.
— Не, дзякуй. Я ніколі не п'ю.
Мы паставілі на пяты нумар сто лір у ардынары і сто ў двайным і выпілі яшчэ па шклянцы віскі з содавай. Я быў у цудоўным настроі, і мы падчапілі яшчэ двух знаёмых італьянцаў, і выпілі з кожным з іх, і потым вярнуліся наверх. Гэтыя італьянцы таксама былі вельмі цырымонныя і не саступалі ў гэтых адносінах тым дваім, якіх мы сустрэлі раней. З-за ix цырымоннасці нікому не сядзелася на месцы. Я аддаў Кэтрын білеты.
— Які конь?
— Не ведаю. Гэта на выбар містэра Меерса.
— Вы нават не ведаеце яго клічкі?
— Не. Можна паглядзець у праграме. Здаецца, пяты нумар.
— Ваша даверлівасць проста дзіўная, — сказала яна. — Нумар пяты выйграў, але выдача была мізэрная.
Містэр Меерс злаваўся.
— Патрэбна ставіць дзвесце лір, каб атрымаць дваццаць, — сказаў ён. — Дванаццаць лір за дзесяць. Бязглуздзіца. Мая жонка выйграла дваццаць лір.
— Я пайду з вамі ўніз, — сказала Кэтрын.