Шрифт:
Усе італьянцы ўсталі. Мы спусціліся ўніз і падышлі да паддока.
— Табе тут падабаецца? — спытала Кэтрын.
— Так сабе.
— Наогул, тут забаўна, — сказала яна. — Але ведаеш, мілы, я не люблю, калі шмат знаёмых.
— Не так ужо і шмат.
— Праўда. Але гэтыя Меерсы і гэты з банка з жонкай і дочкамі...
— Ён плаціць па маіх чэках, — сказаў я.
— Не ён, дык хто-небудзь іншы плаціў бы. А гэта апошняя чацвёрка італьянцаў проста жахлівая.
— Можна застацца тут і адгэтуль глядзець наступны заезд.
— Вось гэта цудоўна. I ведаеш што, мілы, давай паставім на такога каня, якога мы зусім не ведаем і на якога не ставіць містэр Меерс.
— Давай.
Мы паставілі на каня з клічкай «Святло вачэй», і ён прыйшоў чацвёртым з пяці. Мы абаперліся на агароджу і глядзелі на коней, якія праносіліся міма нас, стукаючы капытамі, і бачылі ўдалечыні горы і за дрэвамі і палямі Мілан.
— Я адчуваю сябе тут неяк чысцей, — сказала Кэтрын.
Коні, мокрыя і дымныя, вярталіся праз вароты. Жакеі супакойвалі іх, пад'язджаючы да дрэў, каб спешыцца.
— Давай вып'ем чаго-небудзь. Толькі тут, каб бачыць коней.
— Зараз прынясу, — сказаў я.
— Хлопчык прынясе, — сказала Кэтрын. Яна падняла руку, і да нас падбег хлопчык з бара «Нагада» каля канюшняў. Мы селі за круглы жалезны столік.
— Праўда, лепш, калі мы адны?
— Так, — сказаў я.
— Я сябе адчувала такой адзінокай, калі з намі былі ўсе гэтыя людзі.
— Тут вельмі добра, — сказаў я.
— Так. Іпадром цудоўны.
— Нядрэнны.
— Не дазваляй мне псаваць табе задавальненне, мілы. Мы вернемся наверх, як толькі ты захочаш.
— Не, — сказаў я. — Мы застанемся тут і будзем піць. А потым паедзем і станем каля рова з вадой на стыпль-чэзе.
— Ты такі добры да мяне, — сказала яна. Пасля таго, як мы пабылі ўдваіх, нам прыемна было зноў убачыць астатніх. Мы цудоўна правялі дзень.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
У верасні пачаліся першыя халодныя ночы, а пасля і дні сталі халодныя, і на дрэвах стала жаўцець лісце, і мы зразумелі, што лета прайшло. На фронце справы ішлі вельмі дрэнна, і ўсё не ўдавалася авалодаць Сан-Габрыеле. На плато Баінзіца баёў ужо не было, а да сярэдзіны месяца спыніліся баі і ля Сан-Габрыеле. Узяць яго так і не ўдалося. Эторэ паехаў на фронт. Коней адвезлі ў Рым, і скачак больш не было. Кроуэл таксама паехаў у Рым, адкуль павінен быў эвакуіравацца ў Амерыку. У горадзе два разы ўспыхвалі антываенныя бунты, і ў Турыне таксама былі сур'ёзныя беспарадкі. Адзін англійскі маёр сказаў мне ў клубе, што італьянцы страцілі паўтараста тысяч чалавек на плато Баінзіца і ля Сан-Габрыеле. Ён сказаў, што, акрамя таго, сорак тысяч яны страцілі на Карсо. Мы выпілі, і ён разгаварыўся. Ён сказаў, што ў гэтым годзе ўжо не будзе баёў і што італьянцы адкусілі болей, чым маглі праглынуць. Ён сказаў, што наступленне ў Фландрыі было дрэнным. Калі і далей не будуць берагчы людзей, як гэтай восенню, то праз год саюзнікі выдыхнуцца. Ён сказаў, што мы ўсе ўжо выдыхнуліся, але гэта не страшна да той пары, пакуль мы самі гэтага не ведаем. Мы ўсе выдыхнуліся. Уся справа ў тым, каб не прызнаваць гэтага. Тая краіна, якая апошняй зразумее, што яна выдыхнулася, выйграе вайну. Мы выпілі яшчэ. Ці не са штаба я? Не. А ён — так. Глупства ўсё. Мы сядзелі ўдвух, разваліўшыся на адной з вялікіх скураных канап клуба. Боты ў яго былі з матавай скуры і старанна наваксаваныя. Гэта былі раскошныя боты. Ён сказаў, што ўсё глупства. Ва ўсіх у галаве толькі дывізіі і папаўненне. Грызуцца з-за дывізій, а як атрымаюць іх, дык зараз жа загубяць. Усе выдыхнуліся. Перамога ўвесь час за немцамі. Вось гэта салдаты! Стары гун, вось гэта салдат. Але і яны выдыхнуліся таксама. Мы ўсе выдыхнуліся. Я спытаў пра рускіх. Ён сказаў, што і яны ўжо выдыхнуліся. Я хутка сам убачу, што яны выдыхнуліся. Ды і аўстрыйцы выдыхнуліся таксама. Вось каб ім далі некалькі дывізій гунаў, тады яны справіліся б. Ці лічыць ён, што яны пяройдуць у наступленне гэтай восенню? Вядома. Італьянцы выдыхнуліся. Усе ведаюць, што яны выдыхнуліся. Стары гун пройдзе праз Трэнціна і каля Вічэнцы перарэжа чыгуначныя зносіны, — тады нашы італьянцы і гатовы. Аўстрыйцы ўжо спрабавалі гэта ў шаснаццатым, сказаў я. Але яны наўрад ці пойдуць на гэта, сказаў ён. Гэта вельмі проста. Яны прыдумаюць што-небудзь больш складанае і на гэтым канчаткова выдыхнуцца. Мне пара, сказаў я. Час вяртацца ў шпіталь.
— Да пабачэння, — сказаў ён. Потым весела: — Усяго найлепшага. — Песімізм яго меркаванняў знаходзіўся ў рэзкай процілегласці з яго вясёлым норавам.
Я зайшоў у цырульню і пагаліўся, а потым пайшоў у шпіталь. Мая нага паправілася так, што лепш і нельга было чакаць. Тры дні назад я быў на аглядзе. Мне заставалася ўсяго некалькі працэдур, каб скончыць курс лячэння ў Ospedale Maggiore, i я пайшоў па завулку, стараючыся не кульгаць. Пад навесам нейкі стары выразаў сілуэты. Я спыніўся, каб паглядзець. Дзве дзяўчыны стаялі перад ім, і ён выразаў іх сілуэты, паглядаючы на іх, адкінуўшы галаву набок і вельмі хутка рухаючы нажніцамі. Дзяўчаты смяяліся. Ён паказаў мне сілуэты, перш чым наклеіць іх на белую паперу і перадаць дзяўчатам.
— Што, добрыя? — сказаў ён. — А вы не хочаце, tenente?
Дзяўчаты пайшлі, разглядаючы свае сілуэты і смеючыся. Абедзве былі прыгожыя. Адна з іх працавала ў закусачнай насупраць шпіталя.
— Давайце, — сказаў я.
— Зніміце ваша кепі.
— Не. У кепі.
— Так будзе горай, — сказаў стары. — Зрэшты, — яго твар прасвятлеў, — так будзе больш ваяўніча.
Ён пачаў выразаць на чорнай паперы, затым аддзяліў абедзве палавінкі ліста, наклеіў два профілі на кардон і падаў мне.
— Колькі вам?
— Нічога, нічога. — Ён махнуў рукой. — Я вам проста так зрабіў.
— Калі ласка. — Я дастаў некалькі медзякоў. — Зрабіце мне прыемнае.
— Не, я зрабіў іх для ўласнага задавальнення. Падаруйце іх сваёй мілай.
— Дзякуй і да пабачэння.
— Да хуткай сустрэчы.
Я вярнуўся ў шпіталь. У канцылярыі для мяне былі пісьмы, адно афіцыйнае і яшчэ некалькі. Мне даваўся трохтыднёвы адпачынак для папраўкі здароўя, пасля чаго я павінен быў вярнуцца на фронт. Я ўважліва перачытаў яго. Ага, так і ёсць. Адпачынак будзе лічыцца з 4 кастрычніка, калі я скончу курс лячэння. У трох тыднях дваццаць адзін дзень. Гэта выходзіць 25 кастрычніка. Я сказаў, што пагуляю крыху яшчэ, і пайшоў у недалёкі ад шпіталя рэстаран, каб павячэраць і прагледзець за сталом пісьмы і «Кар'ерэ дэла сера». Адно пісьмо было ад майго дзеда, у ім былі сямейныя навіны, патрыятычныя павучанні, чэк на дзвесце долараў і некалькі газетных выразак. Затым былі нуднае пісьмо нашага святара, пісьмо аднаго знаёмага лётчыка, які служыў у французскай авіяцыі і трапіў у вясёлую кампанію, пра што і расказваў, і запіска ад Рынальдзі, які пытаўся, ці доўга я яшчэ думаю адседжвацца ў Мілане і наогул якія навіны? Ён прасіў, каб я прывёз яму грамафонныя пласцінкі з прыкладзенага спісу. Я заказаў на вячэру бутэльку к'янці, пасля выпіў кавы з каньяком, дачытаў газету, склаў усе пісьмы ў кішэню, пакінуў газету на стале разам з чаявымі і выйшаў. У сваім пакоі ў шпіталі я зняў форму, надзеў піжаму і халат, апусціў фіранкі на балконных дзвярах і пачаў чытаць бостанскія газеты, якія прывозіла сваім хлопчыкам місіс Меерс. Каманда «Чыкага-Уайт-Сокс» узяла прыз Амерыканскай лігі, а ў Нацыянальнай лізе наперадзе ішла каманда «Нью-Йорк-Джайэнтс». Бейб Рут гуляў цяпер за Бостан. Газеты былі сумныя, навіны затхлыя і вузкамясцовыя, звесткі з фронту састарэлыя. У амерыканскіх навінах толькі і гаварылася, што пра вучэбныя лагеры. Я радаваўся, што я не ў вучэбным лагеры. Акрамя спартыўных навін, я нічога не мог чытаць, ды і то чытаў без ніякай цікавасці. Калі чытаеш шмат газет адразу, нельга чытаць з цікавасцю. Газеты былі не вельмі новыя, але я ўсё-ткі чытаў іх. Я падумаў, ці закрыюцца спартыўныя саюзы, калі Амерыка па-сапраўднаму ўступіць у вайну. Напэўна, не. У Мілане, як і раней, бываюць скачкі, хоць вайна ў разгары. У Францыі скачак ужо няма. Гэта адтуль прывезлі нашага Япалака. Дзяжурства Кэтрын пачыналася толькі а дзевятай гадзіне. Я чуў яе крокі па калідоры, калі яна з'явілася на дзяжурства, і адзін раз бачыў яе ў адчыненыя дзверы. Яна абышла некалькі палат і нарэшце ўвайшла ў маю.
— Я сёння позна, мілы, — сказала яна. — Шмат спраў. Ну, а ты?
Я расказаў ёй пра газеты і пра адпачынак.
— Цудоўна, — сказала яна. — Куды ж ты думаеш ехаць?
— Нікуды. Думаю застацца тут.
— Вельмі неразумна. Падбяры добрае месца, і я таксама паеду з табой.
— А як ты гэта зробіш?
— Не ведаю. Як-небудзь.
— Ты цуд.
— Зусім не. Але ў жыцці не так ужо цяжка ўладкоўвацца, калі няма чаго траціць.
— Што ты маеш на ўвазе?
— Нічога. Толькі падумала, якія нікчэмныя зараз перашкоды, што здаваліся раней непераадольнымі.