Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Ты дзівосная.

— Толькі я галодная. Я вельмі галодная.

— Ты простая, ты цудоўная.

— Я простая. Ніхто не разумеў гэтага да цябе.

— Аднойчы, калі мы пазнаёміліся, я цэлы дзень думаў пра тое, як мы з табой паедзем у гатэль «Кавур» і як усё будзе.

— Гэта было нахабства з твайго боку. Але ж гэта не «Кавур», праўда?

— Не. Туды нас не пусцілі б.

— Калі-небудзь пусцяць. Вось бачыш, мілы, у гэтым якраз розніца паміж намі. Я ніколі ні пра што не думала.

— Зусім ніколі?

— Ну, крышачку, — сказала яна.

— Ах ты, мілая!

Я наліў яшчэ шклянку віна.

— Я зусім простая, — сказала Кэтрын.

— Спачатку я думаў інакш. Мне здалося, што ты вар'ятка.

— Я і была крыху вар'ятка. Я цябе не збянтэжыла тады, мілы?

— Цудоўнае віно, — сказаў я. — Забываешся пра ўсё дрэннае.

— Цудоўнае, — сказала Кэтрын. — Але ў майго бацькі ад яго вельмі моцная падагра.

— У цябе ёсць бацька?

— Так, — сказала Кэтрын. — У яго падагра. Але табе зусім не трэба будзе з ім сустракацца. А ў цябе хіба няма бацькі?

— Не, — сказаў я. — У мяне айчым.

— А ён мне спадабаецца?

— Табе не трэба будзе з ім сустракацца.

— Нам з табой так добра, — сказала Кэтрын. — Мяне больш нічога не цікавіць. Я такая шчаслівая жонка.

Прыйшоў афіцыянт і сабраў посуд. Неўзабаве мы прыціхлі, і было чуваць, як ідзе дождж. Унізе, на плошчы, прагудзеў аўтамабіль.

— Выразна чую я імклівы

Бег часу коней легкакрылых,

— сказаў я.

— Я ведаю гэтыя вершы, — сказала Кэтрын. — Гэта Марвел. Толькі ж гэта пра дзяўчыну, якая не хацела жыць з мужчынам.

Галава ў мяне была вельмі ясная і свежая, і мне хацелася гаварыць пра звычайнае.

— Дзе ты будзеш раджаць?

— Не ведаю. У самым лепшым месцы.

— Як ты ўсё ўладкуеш?

— Самым лепшым чынам. Не турбуйся, мілы. Да сканчэння вайны ў нас можа быль яшчэ шмат дзяцей.

— Нам хутка трэба ісці.

— Я ведаю. Калі хочаш, лічы, што ўжо трэба ісці.

— Яшчэ не.

— Тады не нервуйся, мілы. Ты увесь час быў зусім добры, а цяпер пачынаеш нервавацца.

— Не буду. Ты мне будзеш часта пісаць?

— Кожны дзень. Вашы пісьмы чытаюць?

— Там так дрэнна ведаюць англійскую мову, што гэта не мае значэння.

— Я буду пісаць вельмі блытана, — сказала Кэтрын.

— Але не зусім блытана.

— Не, толькі крыху.

— Відаць, трэба ісці.

— Добра, мілы.

— Мне не хочацца ісці з нашага доміка.

— I мне таксама.

— Але трэба ісці.

— Добра. Мы ж ніколі яшчэ доўга не жылі дома.

— Яшчэ пажывём.

— Я табе падрыхтую цудоўны домік да твайго вяртання.

— Мо я вярнуся вельмі хутка.

— А раптам цябе параняць у нагу.

— Альбо ў мочку вуха.

— Не, я хачу, каб твае вушы засталіся такімі ж.

— А ногі не?

— У ногі ты ўжо быў паранены.

— Трэба ісці, дарагая.

— Добра. Ты ідзі першы.

Мы не выклікалі ліфт, а спусціліся па лесвіцы. Дыван на лесвіцы быў выцерты. Я заплаціў за абед, і афіцыянт, які яго прынёс, сядзеў каля дзвярэй. Ён ускочыў і пакланіўся, і я пайшоў з ім у кантору і заплаціў за нумар. Адміністратар прыняў мяне як сябра і адмовіўся атрымаць наперад, але, расстаўшыся са мной, ён паклапаціўся пасадзіць каля дзвярэй афіцыянта, каб я не збег не заплаціўшы. Верагодна, такія выпадкі ў яго здараліся, нават з сябрамі. За час вайны бывае столькі сяброў.

Я папрасіў афіцыянта схадзіць па экіпаж, і ён узяў у мяне з рук скрутак Кэтрын і, раскрыўшы парасон, выйшаў. З акна мы бачылі, як ён пераходзіў вуліцу пад дажджом. Мы стаялі ў канторы і глядзелі ў акно.

— Як ты сябе адчуваеш, Кэт?

— Хочацца спаць.

— А мне тужліва і хочацца есці.

— У цябе ёсць што-небудзь з сабой?

— Так, у паходнай сумцы.

Я ўбачыў экіпаж. Ён спыніўся, конь стаяў, апусціўшы галаву пад дажджом, афіцыянт вылез, раскрыў парасон і пайшоў да гатэля. Мы сустрэлі яго ў дзвярах і пад парасонам пайшлі па мокрым тратуары ў экіпаж. Па сцёкавай канаве бегла вада.

— Ваш скрутак на сядзенні, — сказаў афіцыянт. Ён стаяў з парасонам, пакуль мы садзіліся, і я даў яму на чай.

— Дзякуй. Шчаслівай дарогі, — сказаў ён. Вазніца падабраў лейцы, і конь рушыў. Афіцыянт павярнуўся са сваім парасонам і накіраваўся да гатэля. Мы паехалі ўздоўж тратуара, потым звярнулі налева і выехалі на вакзал з правага боку. Два карабінеры стаялі каля ліхтара, куды амаль не трапляў дождж. Іх капелюшы блішчалі пад ліхтаром. Пры святле вакзальных агнёў дождж быў празрысты і чысты. З-пад навесу выйшаў насільшчык, хаваючы ад дажджу галаву ў каўнер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка