Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Так, — сказаў я. — Гэта не прынясе перамогі, але можа прынесці паражэнне.

— Не будзем гаварыць пра паражэнне. Дастаткова і так размоў пра паражэнне. Не можа быць, каб усё, што адбылося гэтым летам, адбылося дарэмна.

Я прамаўчаў. Мяне заўсёды бянтэжаць словы «святы», «слаўны», «ахвяра» і выраз «здзейснілася». Мы чулі іх часам, стоячы пад дажджом, на такой адлегласці, што толькі асобныя выгукненні даляталі да нас, і чыталі іх на плакатах, якія расклейшчыкі, здаралася, наклейвалі зверху на іншыя плакаты; але нічога святога я не бачыў, і тое, што лічылася слаўным, не заслугоўвала славы, і ахвяры вельмі нагадвалі чыкагскія бойні, толькі мяса тут проста закопвалі ў зямлю. Было шмат такіх слоў, якія ўжо брыдка было слухаць, і ў рэшце рэшт толькі назвы мясцін захавалі вартасць. Некаторыя нумары таксама захавалі яе, і некаторыя даты, і толькі іх і назвы мясцін можна было вымаўляць хоць з нейкім сэнсам. Абстрактныя словы, такія як «слава», «подзвіг», «доблесць» альбо «святыня», былі непрыстойнымі побач з канкрэтнымі назвамі вёсак, нумарамі дарог, назвамі рэк, нумарамі палкоў і датамі. Джына быў патрыёт, таму часам тое, што ён гаварыў, раз'ядноўвала нас, але ён быў добры хлопец, і я разумеў яго патрыятызм. Ён з ім нарадзіўся. Разам з Педуцы ён сеў у машыну, каб ехаць у Гарыцыю.

Цэлы дзень была бура. Вецер падганяў патокі, і ўсюды былі лужыны і гразь. Тынкоўка на развалінах сцен была шэрая і мокрая. Надвячоркам дождж перастаў, і з паста нумар два я ўбачыў мокрую голую асеннюю зямлю, хмары над вяршынямі пагоркаў і мокрыя саламяныя цыноўкі на дарозе, з якіх сцякала вада. Сонца паказалася адзін раз перад тым як сесці, і асвятліла голы лес за кражам гары. У лесе на гэтым кражы было шмат аўстрыйскіх гармат, але стралялі не ўсе. Я глядзеў, як клубы шрапнельнага дыму ўзнікалі раптам у небе над разбуранай фермай, ля якой праходзіў фронт; лахматыя клубы з жоўта-белай успышкай усярэдзіне. Была відна ўспышка, пасля чуўся трэск, пасля шар дыму выцягваўся і радзеў на ветры. Шмат шрапнельных куль валялася сярод развалін і на дарозе ля разбуранай хаты, дзе знаходзіўся пост, але пост гэтым вечарам не абстрэльвалі. Мы нагрузілі дзве машыны і паехалі па дарозе, замаскіраванай мокрымі цыноўкамі, праз шчыліны якіх пранікалі апошнія сонечныя прамяні. Калі мы выехалі на адкрытую дарогу, сонца ўжо зайшло. Мы паехалі па адкрытай дарозе, і калі мінулі паварот і зноў паехалі пад квадратныя пакрыцці саламянага тунеля, пайшоў дождж.

Ноччу вецер памацнеў, і ў тры гадзіны раніцы пад суцэльнай пялёнкай дажджу пачаўся абстрэл, і крааты пайшлі цераз горныя лугі і пералескі проста на нашыя пазіцыі. Яны ваявалі ў цемры пад дажджом і былі адкінуты назад контратакай асмялелых ад страху салдат з акопаў другой лініі. Рваліся снарады, узляталі ракеты, не сціхаў кулямётны і ружэйны агонь па ўсёй лініі фронту. Яны больш не спрабавалі падысці, і навокал стала цішэй, і паміж парывамі ветру і дажджу мы чулі гул кананады далёка на поўначы.

На пост прыбывалі параненыя: адных неслі на насілках, другія ішлі самі, трэціх валаклі на плячах сябры, якія вярталіся з поля. Яны прамоклі да касцей і не маглі апамятацца ад страху. Мы нагрузілі дзве машыны цяжкапараненымі, якія ляжалі ў пограбе хаты, дзе быў пост, і, калі я зачыніў дзверы другой машыны і павярнуў засаўку, на твар мне ўпалі сняжынкі. Снег густа і цяжка падаў разам з дажджом.

Калі развіднела, бура яшчэ працягвалася, але снегу ўжо не было. Ён растаў на мокрай зямлі, і зараз зноў ішоў дождж. На світанні нас атакавалі яшчэ раз, але без поспеху. Мы чакалі атакі цэлы дзень, але ўсё было ціха, пакуль не зайшло сонца. Абстрэл пачаўся на поўдні, з боку доўгага, зарослага лесам горнага кража, дзе была сабрана аўстрыйская артылерыя. Мы таксама чакалі абстрэлу, але яго не было. Цямнела. Нашы гарматы стаялі ў полі за вёскай, і свіст іх снарадаў гучаў супакойліва.

Мы даведаліся, што атака на поўдні прайшла беспаспяхова. Той ноччу атака не аднаўлялася, але мы даведаліся, што на поўначы фронт прарваны. Ноччу нам паведамілі, каб мы рыхтаваліся да адступлення. Мне сказаў пра гэта капітан. Ён атрымаў звесткі са штаба брыгады. Крыху счакаўшы ён вярнуўся ад тэлефона і сказаў, што ўсё няпраўда. Штабу далі загад любой цаной утрымаць пазіцыі на Баінзіцы. Я спытаў пра прарыў, і ён сказаў, што ў штабе гавораць, нібыта аўстрыйцы прарвалі фронт дваццаць сёмага армейскага корпуса ў напрамку Капарэта. На поўначы ўвесь учарашні дзень ішлі жорсткія баі.

— Калі гэтыя сукіны дзеці іх прапусцяць, нам хана,— сказаў ён.

— Гэта немцы атакуюць, — сказаў адзін з дактароў. Слова «немцы» наганяла страх. Мы не хацелі мець справу з немцамі.

— Там пятнаццаць нямецкіх дывізій, — сказаў доктар. — Яны прарваліся, і мы будзем адрэзаны.

— У штабе брыгады гавораць, што мы мусім утрымаць гэтыя пазіцыі. Гавораць, прарыў не сур'ёзны, і мы зараз будзем трымаць лінію фронту ад Монта-Маджора цераз горы.

— Адкуль такія звесткі?

— Са штаба дывізіі.

— Пра тое, што трэба рыхтавацца да адступлення, таксама паведамілі са штаба дывізіі.

— Наша начальства — штаб арміі, — сказаў я. — Але тут маё начальства — вы. Калі вы загадаеце мне ехаць, я паеду. Але высветліце дакладна, які загад.

— Загад такі, што мы павінны заставацца тут. Ваша справа перавозіць параненых на размеркавальны пункт.

— Нам часам даводзіцца перавозіць і з размеркавальных пунктаў у палявыя шпіталі, — сказаў я. — А скажыце, — я ніколі не бачыў адступлення: калі пачынаецца адступленне, якім чынам эвакуіруюць усіх параненых?

— Усіх не эвакуіруюць. Забіраюць колькі могуць, а іншых пакідаюць.

— Што я павязу на сваіх машынах?

— Шпітальнае абсталяванне.

— Зразумела, — сказаў я.

Наступнай ноччу пачалося адступленне. Стала вядома, што немцы і аўстрыйцы прарвалі фронт на поўначы і па горных мясцінах ідуць на Чывідале і Удзіну. Адступалі пад дажджом, арганізавана, змрочна і ціха. Ноччу, марудна рухаючыся па запруджаных дарогах, мы бачылі, як праходзілі пад дажджом войскі, ехалі гарматы, вазы, запрэжаныя коньмі, мулы, грузавікі, і ўсё гэта ішло ад фронту. Беспарадку было не больш, як падчас руху наперад.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка