Private-Bookers
Бывай, зброя!
вернуться

Хемингуэй Эрнест Миллер

Шрифт:

— Для мяне гэта няблага, — сказаў я. — Дабранач.

— Дабранач, сіао!

— Сіао! — сказаў я. Мне страшэнна хацелася спаць.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

Я прачнуўся, калі прыйшоў Рынальдзі, але ён не размаўляў, і я зноў заснуў. Ранкам, яшчэ да світання, я апрануўся і паехаў. Рынальдзі не прачнуўся, калі я выходзіў з пакоя.

Я ніколі раней не бачыў Баінзіцы, і было дзіўна ехаць па тым беразе, дзе я атрымаў сваю рану, і пасля падымацца па схіле, вясной яшчэ занятым аўстрыйцамі. Там была пракладзена новая, крутая дарога, і па ёй ішло шмат грузавікоў. Вышэй схіл станавіўся пакатым, і я ўбачыў лес і крутыя пагоркі ў тумане. Гэты лес узялі хутка, і яго не паспелі знішчыць. Яшчэ далей, там, дзе пагоркі не закрывалі дарогу, яна была замаскіравана цыноўкамі зверху і з бакоў. Дарога даходзіла да разбуранай вёсачкі. Тут пачыналіся пазіцыі. Вакол было шмат артылерыі. Хаты былі разбураны, але ўсё было ўладкавана вельмі добра, і ўсюды віселі дошчачкі з указальнікамі. Мы знайшлі Джына, і ён пачаставаў нас кавай, і пасля я выйшаў разам з ім, і мы крыху агледзелі пасты. Джына сказаў, што англійскія машыны працуюць далей, у Раўне. Ён вельмі захапляўся англічанамі. Яшчэ час ад часу страляюць, сказаў ён, але раненых не вельмі шмат. Зараз, калі пачаліся дажджы, будзе шмат хворых. Гавораць, што аўстрыйцы збіраюцца наступаць, але ён у гэта не верыць. Гавораць, мы таксама збіраемся наступаць, але ніякіх падмацаванняў не з'явілася, значыць, і гэта малаверагодна. З прадуктамі дрэнна, і ён будзе вельмі рады паесці ў Гарыцыі. Што мне ўчора далі на абед? Я расказаў яму, і ён вырашыў, што гэта цудоўна. Асаблівае ўражанне на яго зрабіла dolce25. Я падрабязна не расказваў, проста сказаў, што было dolce, і, відаць, ён уявіў сабе нешта больш далікатнае, чым хлебны пудынг.

Ці ведаю я, куды яму давядзецца ехаць? Я сказаў, што не ведаю, але што частка машын знаходзіцца ў Капарэта. Туды ён ахвотна паехаў бы. Гэта вельмі слаўны гарадок, і яму падабаюцца высокія горы, якія акружаюць яго. Ён быў слаўны хлапчына, і ўсе яго любілі. Ён сказаў, што калі дзе і было сапраўднае пекла, дык гэта на Сан-Габрыеле і ў час атакі за Ломам, якая дрэнна скончылася. Ён сказаў, што ў лесе па ўсім хрыбце Цярнова, ззаду за намі і вышэй за нас, шмат аўстрыйскай артылерыі і начамі дарогу адчайна абстрэльваюць. У іх ёсць батарэя марскіх гармат, якія дзейнічаюць яму на нервы. Іх проста пазнаць па нізкім палёце снарада. Чуеш залп, і амаль адразу пачынаецца свіст. Звычайна страляюць дзве гарматы адразу, адна за другой, і падчас разрыву коцяць вялізныя асколкі. Ён паказаў мне такі асколак, вышчарблены кавалак металу даўжынёй каля фута. Метал нагадваў бабіт.

— Не думаю, што яны паказвалі добрыя вынікі, — сказаў Джына. — Але мне ад іх страшна. У іх такі гук, нібыта яны ляцяць проста ў цябе. Спачатку ўдар, пасля адразу ж свіст і выбух. Якая радасць не быць параненым, калі пры гэтым паміраеш ад страху.

Ён сказаў, што насупраць нас стаяць зараз палкі краатаў і мадзьяраў. Наша войска ўсё яшчэ ў парадку для наступлення. Калі аўстрыйцы пяройдуць у наступленне, адступаць няма куды. У высокіх гарах адразу ж за плато ёсць выдатныя мясціны для абарончых пазіцый, але нічога не зроблена, каб іх падрыхтаваць. Дарэчы, якое ўражанне на мяне зрабіла Баінзіца?

Я думаў, што тут больш падобна на плато. Я не ведаў, што мясцовасць такая зрэзаная.

— Alto piano26, — сказаў Джына, — але не piano27.

Мы спусціліся ў пограб дома, дзе ён жыў. Я казаў,што, на мой погляд, краж, калі ён пляскаты ля вяршыні і мае пэўную глыбіню, лягчэй і ямчэй утрымліваць, чым ланцуг дробных гор. Атака ў гарах не больш цяжкая справа, чым на роўным месцы, настойваў я.

— Гледзячы якія горы, — сказаў ён. — Вазьміце Сан-Габрыеле.

— Так, — сказаў я. — Але цяжка давялося на вяршыні, дзе роўна. Да вяршыні дабраліся адносна лёгка.

— Не так і лёгка,— сказаў ён.

— Бадай што, так, — сказаў я. — Але ўсё-ткі гэта асаблівы выпадак, бо тут была хутчэй крэпасць, чым гара. Аўстрыйцы ўмацоўвалі яе шмат гадоў.

Я хацеў сказаць, што тактычна падчас ваенных аперацый, звязаных з перасоўваннем, утрымліваць у якасці лініі фронту горны ланцуг не мае сэнсу, бо горы надта лёгка абысці. Тут патрэбна максімальная манеўранасць, а ў гарах манеўраваць цяжка. I падчас стральбы зверху ўніз заўсёды бываюць пералёты. У выпадку адходу флангаў лепшыя сілы застануцца на самых высокіх вяршынях. Мне горная вайна не дае надзеі. Я шмат думаў пра гэта, сказаў я. Мы засядзем на адной гары, яны засядуць на другой, а калі пачнецца нешта сур'ёзнае, і тым і другім давядзецца злезці ўніз.

— А што рабіць, калі мяжа праходзіць у гарах? — спытаў ён.

Я сказаў, што гэта ў мяне яшчэ не прадумана, і мы абодва засмяяліся. — Але, — сказаў я, — раней аўстрыйцаў заўсёды білі ў чатырохкутніку веронскіх крэпасцей. Ім давалі магчымасць спусціцца на раўніну, і там білі іх.

— Так, — сказаў Джына. — Але гэта былі французы, а стратэгічныя праблемы заўсёды лёгка вырашаць, калі ваюеш на чужой тэрыторыі.

— Так, — згадзіўся я. — У сябе на радзіме немагчыма падыходзіць да гэтага чыста навукова.

— Рускія зрабілі гэта, каб завабіць у пастку Напалеона.

— Так, але ў рускіх шмат зямлі. Паспрабуйце ў Італіі адступаць, каб заманіць Напалеона, і вы імгненна апыніцеся ў Брындзізі.

— Непрыемны горад, — сказаў Джына. — Вы калі-небудзь былі там?

— Толькі праездам.

— Я патрыёт, — сказаў Джына. — Але не магу я любіць Брындзізі альбо Таранта.

— А Баінзіцу вы любіце? — спытаў я.

— Гэта святая зямля, — сказаў ён. — Але я хацеў бы, каб яна давала больш бульбы. Вы ведаеце, калі мы трапілі сюды, мы знайшлі палеткі бульбы, пасаджанай аўстрыйцамі.

— Няўжо тут на самай справе так дрэнна з прадуктамі? — спытаў я.

— Асабіста я ні разу не наеўся ўдосталь, але ў мяне грунтоўны апетыт, а галадаць усё-ткі не даводзілася. Афіцэрскія абеды не надта. На перадавых пазіцыях кормяць добра, а вось на лініі падтрымкі горай. Недзе нешта не ў парадку. Прадуктаў павінна быць дастаткова.

— Спекулянты перапрадаюць іх.

— Так, батальёнам на перадавых пазіцыях даюць усё, што можна, а тым, хто бліжэй да тылу, даводзіцца цяжка. Ужо з'елі ўсю аўстрыйскую бульбу і ўсе каштаны з навакольных гаёў. Трэба было б карміць лепей. У нас жа добры апетыт. Я перакананы, што прадуктаў дастаткова. Вельмі кепска, калі салдатам не хапае прадуктаў. Вы заўважылі, як гэта ўплывае на лад мыслення?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка